Skip to main content

Унясеннем рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай пачаліся велікапосныя рэкалекцыі ў гродзенскай парафіі

alszanka rec 93 красавіка, у пятую нядзелю Вялікага посту, у гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) распачаліся велікапосныя рэкалекцыі, якія па запрашэнні пробашча праводзіць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Цэнтральным момантам першага дня духоўных практыкаванняў стала ўнясенне ў парафіяльную капліцу рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай. Арцыбіскуп Кандрусевіч назваў асаблівым знакам тое, што ў галоўным алтары капліцы знаходзіцца фігура Езуса Міласэрнага, культ якога распаўсюджвала святая Фаўстына – “сакратарка Міласэрнасці”.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў прысутным гісторыю жыцця святой і гісторыю распаўсюджвання культу, а асноўнай думкай для разважання была тэма рэкалекцый – “Я дарога, праўда і жыццё” (Ян 14, 6). Таксама іерарх растлумачыў тэалогію абраза Езуса Міласэрнага. Ён падкрэсліў, што Езус ідзе да грэшнага чалавека са сваімі прабачэннем і любоўю.

alszanka rec 6

Звяртаючыся да дзяцей, іерарх паказаў машынку і запытаўся ў іх, што ў ёй самае галоўнае. Адказаў было шмат, але засяродзіліся на адным – паліўным баку. Арцыбіскуп адзначыў, што ў чалавеку такім “паліўным бакам” з’яўляецца душа, а яна таксама патрабуе “падзапраўкі”, якой з’яўляюцца пост, малітва і міласціна.

Не адзін раз падчас гаміліі біскуп закранаў тэму навяртання. Ён прыгадаў Фацімскія аб’яўленні і тое, што Езус гаварыў людзям праз сястру Фаўстыну: “Нашая будучыня залежыць ад нашай малітвы, нашага вобразу жыцця і ад таго, якімі хрысціянамі мы з’яўляемся сёння”.

Рэкалекцыі, на якія запрашаюцца ўсе ахвотныя, працягнуцца да аўторка.

Дзмітрый Роўны

Фота: Аляксей Ціхан