9 сакавіка ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім) пасля доўгага перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу, адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 40 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў – на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Духавенства на сустрэчы асабліва малілася за братэрскі ўкраінскі народ, ахоплены вайной, просячы аб міры для гэтай краіны і міры ва ўсім свеце.
У межах сустрэчы прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, падчас якога на кожнай стацыі разважалі над сваім жыццём і тым, што належыць у гэты Вялікі пост, які з’яўляецца часам ласкі, зрабіць для свайго духоўнага ўзрастання і ўгрунтавання свайго святарства.
Таксама яны выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі а. доктар Андрэй Шчупал CSsR. Ён звярнуў увагу на пагрозы святарскай святасці, асабліва ў сферы духоўнага жыцця, якія перашкаджаюць эфектыўна выконваць місію святара ў Касцёле.
Рэдэмптарыст адзначыў важнасць штодзённай малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанца, рахунку сумлення, споведзі, дысцыпліны і пастаяннай працы над уласным характарам, падкрэсліўшы, што гэта толькі некаторыя сродкі для падтрымкі духоўнага жыцця.
Айцец Шчупал дадаў, што ўсе вернікі павінны маліцца за сваіх святароў і дапамагаць ім, каб яны былі вернымі ў сваім пакліканні і паступалі згодна з Евангеллем.
Кульмінацыяй дня засяроджання была святая Імша, якую цэлебраваў пастыр дыяцэзіі. Біскуп Аляксандр заахвоціў усё духавенства маліцца ў інтэнцыі міру, які сёння патрэбны ўсёй Еўропе, а асабліва Украіне.
У гаміліі кс. Павел Беланос, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Бераставіцкі дэканат), нагадаў святарам, каб у час Вялікага посту яны не толькі заахвочвалі сваіх вернікаў да пакаяння і навяртання, але паклапаціліся і пра сябе.
Па яго словах, каб магло здзейсніцца ўмацаванне ў веры і ўсталяванне яшчэ больш жывых адносін з Богам, кожная духоўная асоба павінна нястомна ўслухоўвацца ў голас Пана, які да яе звяртаецца.
Трэба, каб у гэты час, калі Касцёл заклікае да пакаяння і навяртання, не толькі вернікі, але і духавенства, распарадчыкі Божай міласэрнасці, маглі найперш самі спазнаць гэтую міласэрнасць, – з такімі словамі святар звярнуўся да ўсіх прысутных, а таксама да самога сябе.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім святарам за прыбыццё і ўдзел у дні засяроджання, падкрэсліўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай да аднаўлення свайго духоўнага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: бр. Павел Русілевіч OFMConv