
На ўрачыстай цырымоніі асвячэння прысутнічалі прадстаўнікі каталіцкага Касцёла – біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч са святарамі, прадстаўнікі праваслаўнай Царквы – архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый са святарамі, а таксама прадстаўнікі ўлады з Гродна і Ліды, шматлікія вернікі і жыхары Ліды.
Падчас асвячэння помніка са словамі падзякі да прысутных звярнуліся ганаровыя госці цырымоніі.
Ксёндз біскуп А. Кашкевіч: “ …радасна, што сённяшняя падзея, звязаная з гістарычнымі крыніцамі нашай веры, з’яднала ў адным месцы і ў адзін час вернікаў розных канфесій, прадстаўнікоў свецкай і духоўнай улады. Асвячэнне адкрыцця юбілейнага помніка хрысціянства няхай будзе падзякай пакаленням хрысціян, якія захавалі і перадалі веру, асабліва ў цяжкія часы выпрабаванняў. Сам знак, манумент хрысціянству, гэта напамін сучасным лідчанам і ўсім гасцям, што Лідчына – гэта хрысціянская зямля…”
Уладыка Гурый: “…хочацца верыць, што гэты знак будзе знакам прымірэння, знакам, які будзе прыпамінаць нам пра веру нашых айцоў, пра нашу мужную гісторыю; будзе знакам, якім мы будзем ганарыцца, і які, натуральна, з’яўляецца ўпрыгожаннем горада Ліды…”
Старшыня гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра: “… мы сабраліся ўсе разам для таго, каб адкрыць гэты знак. І гэта гаворыць аб тым, што мы жывем у супакоі і згодзе, шануем адзін аднаго, і на гэтым духоўным фундаменце гадуем сваіх дзяцей…”
Помнік быў пабудаваны ў 2010 годзе, большую частку прац аплацілі спонсары. Помнік выкананы ў выглядзе двух’яруснай стылізаванай дваццаціметровай стэлы белага колеру з залатымі ўкрапваннямі. На першым ярусе знаходзяцца вытрымкі з Евангелля на трох мовах –грэчаскай, стараславянскай і беларускай, на другім ярусе змяшчаны статуі Евангелістаў – Мацвея, Лукі, Марка і Яна.