Skip to main content

Біскупы Еўропы пра Украіну: неадкладна спыніць расійскую агрэсію

biskupCтаршыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE), арцыбіскуп Гінтарас Грушас рашуча асудзіў расійскую агрэсію супраць Украіны.

“Касцёлы Еўропы рашуча асуджаюць тое, што адбылося ўчора ўвечары ва Украіне. Мы павінны дзейнічаць разам і рашуча, каб неадкладна спыніць расійскую агрэсію і зрабіць усё магчымае, каб абараніць нявінных жанчын, мужчын і дзяцей: у імя Бога, неадкладна спыніцеся!”, - заявіў арцыбіскуп Віленскі, які зараз знаходзіцца ў Фларэнцыі на Міжземнаморскай канферэнцыі.

Іерарх лічыць, што “міжнародная супольнасць, і ў прыватнасці Еўрасаюз, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пакласці канец канфлікту, каб зброя саступіла месца дыялогу і перамовам для абароны міжнароднага права і незалежнасці і тэрытарыяльнага суверэнітэту Украіны”. Спыніць вайну важна і таму, што яна “можа перакінуцца на суседнія краіны і стаць пагрозай для ўсёй Еўропы”.

Еўрапейскія каталіцкія іерархі моляцца за ахвяр канфлікту і за іх сем’і. Яны яднаюцца з тымі, хто пакутуе, і далучаюцца да закліку Папы да малітвы і посту ў інтэнцыі міру. “Няхай Каралева супакою выратуе свет ад вар'яцтва вайны”, - гаворыцца ў заяве Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Паводле Vatican News