20-21 лютага ў Гродне адбылася сустрэча катэхетаў – святароў, сясцёр законных і свецкіх асоб, якія нясуць служэнне на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы, арганізаванай Аддзелам каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі, удзельнічала больш за 40 чалавек.
У сувязі з Сінодам на тэму сінадальнасці, які праходзіць у Касцёле, канферэнцыі, з якімі выступіў а. Віктар Бохан CSsR з Мінска, былі прысвечаны гэтай тэматыцы. Айцец рэдэмптарыст растлумачыў асноўныя паняцці, звязаныя з Сінодам, і ўказаў на праблемы, з якімі сутыкаецца супольнасць Касцёла. Ён узгадаў словы Папы Францішка, па ініцыятыве якога распачаўся Сінод.
Святар падкрэсліў, што сінадальны шлях – гэта шлях, якога Дух Святы жадае для Касцёла ў новым тысячагоддзі. Таму Сінод – выключны час, каб разам распазнаваць, узрастаць і развівацца, ставячы ўсё новыя пытанні і разам адказваючы на выклікі нашага часу, нашай супольнасці і рэгіёну.
Таксама святар адзначыў, што ўсе мы з’яўляемся ў Касцёле вучнямі і застаемся імі заўсёды, на працягу жыцця; акрамя таго, усе мы місіянеры, кожны ў тым месцы, якое Пан яму вызначыў, – нават самы найменшы з’яўляецца місіянерам, а той, хто здаецца найбольшым, з’яўляецца вучнем.
Па словах а. Віктара, хрост – фундамент жыцця кожнага чалавека, найцудоўнейшы дар Бога, пачатак новага жыцця як Божых дзяцей. Таму ён заахвоціў прысутных катэхетаў, каб іх штодзённае жыццё і адносіны з людзьмі заўсёды былі сведчаннем прыналежнасці Богу, які з’яўляецца нашым Айцом.
У межах сустрэчы катэхеты выслухалі інфармацыю аб катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі ў бягучым годзе. Закраналіся таксама актуальныя праблемы катэхізацыі ў дэканатах дыяцэзіі. Прысутныя разам разважалі аб планах на будучыню.
Сустрэча скончылася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі, якая стала заключэннем двухдзённай сустрэчы катэхетаў, а. Віктар Бохан перасцярог перад тым, каб занадта захапляцца сабой, і нагадаў, як важна не забываць, што ўсё трэба даручаць Езусу. Святар заклікаў старацца кожны дзень быць вучнямі-місіянерамі для дзяцей і моладзі, якім катэхеты служаць, і заўсёды быць побач з Хрыстом.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне падзякаваў усім катэхетам за прыбыццё на фармацыйную сустрэчу і за іх такое патрэбнае штодзённае служэнне ў мясцовым Касцёле.
Таксама іерарх выказаў словы ўдзячнасці а. Віктару за дзяленне сваёй верай і правядзенне сустрэчы і Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі на чале з яго дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR за яе арганізацыю.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Ірэна Барцэвіч FMA