У парафію св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні прыбылі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з санктуарыяў нашай краіны, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі. Абразы прыбылі з варнянскай парафіі св. Юрыя, двума тыднямі раней яны знаходзіліся на Астравеччыне. Пасля таго як там адбылася Імша падзякі і развітальная працэсія, копіі абразоў скіраваліся на Смаргоншчыну.
Суботнім вечарам у маленькай, але ўтульнай капліцы св. Яна Паўла ІІ парафіяльная сям’я разам з пробашчам кс. Яўгенам Учкуронісам урачыста прывітала Нябесную Апякунку.
“Гэта знакавая духоўная падзея ў нашай парафіі. У гэтых абразах мы бачым гісторыю нашага народа, а шанаванне культу Маці Божай з даўніх часоў гаворыць аб яго глыбокай Марыйнай традыцыі”, – адзначыў пробашч.
Святую Імшу ўзначаліў а. Язафат Кунцэвіч ОFM з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены. Звяртаючыся да вернікаў, святар узгадаў пра нагоду пазнаёміцца з цудадзейнымі абразамі, што прабываюць у розных месцах беларускай зямлі. “Там у кожным месцы Езус пакінуў сваю Маці, каб кожны вернік мог прыйсці, адкрыць сваё сэрца і папрасіць, каб Марыя малілася свайму любаму Сыну, а Езус выслухоўваў нашыя малітвы і дапамагаў нам у розных нашых патрэбах згодна з воляй Айца Нябеснага”, – дадаў ён.
На заканчэнне Эўхарыстыі кс. Яўген, падзякаваўшы ўсім прысутным і адказным за арганізацыю перэгрынацыі, ад імя парафіі выказаў падзяку мастачцы з Маладзечна Ядвізе Сянько, чыёй рукой былі створаны ўсе 13 копій цудадзейных абразоў, і пажадаў, каб яе талент “служыў такім пачэсным справам і далей”.
Завяршылася Імша спевам:
“Вядзі, Марыя, за сабой, куды Твой Сын пакліча нас.
З Табой праславім мы Яго – з Табой, Марыя, у кожны час…”
Кожны дзень падчас прабывання копій абразоў у парафіі вернікі на набажэнствах змогуць даведацца пра адзін з іх, пра яго гісторыю і ўшанаваць у кожным з іх Багародзіцу.
Копіі абразоў будуць знаходзіцца ў парафіі да 5 сакавіка. У гэты дзень а 8-й гадзіне раніцы ў смаргонскай капліцы (вул. Савецкая, 136-А, к. 1) адбудзецца развітальная Імша, пасля чаго а 10-й гадзіне іх прывітаюць вернікі парафіі Перамянення Пана ў Крэве.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Ведзень