Skip to main content

У Варнянах урачыста прывіталі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай

warniny 4512 лютага ў жыцці варнянскай парафіі св. Юрыя адбылася радасная духоўная падзея. У гэты дзень з астравецкай парафіі святых Космы і Дам’яна сюды былі перавезены вернікамі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з санктуарыяў нашай краіны.

Варнянскія вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім сардэчна прывіталі ў святых выявах Нябесную Матулю ў пачатку цэнтральнай вуліцы аграгарадка. Затым пад урачысты спеў копіі абразоў пранеслі ў працэсіі вуліцамі Варнян у парафіяльную святыню.

Спачатку людзі ў шчырай атмасферы прысутнасці Нябеснай Маці памаліліся Ружанец. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў духоўны кіраўнік перэгрынацыі абразоў айцец Станіслаў Станеўскі CSsR. Звяртаючыся да вернікаў, святар адзначыў, што “кожная ікона – гэта вельмі вялікая гісторыя, гісторыя сустрэчы чалавека з Богам”. “Нашы дзяды і прадзеды прыходзілі пакланіцца да іх, каб расказаць пра свае праблемы, каб прасіць дапамогі, – дадаў а. Станеўскі. – І здараўся цуд за цудам, бо Марыя – наша найлепшая Матуля, Яна прынесла нам Езуса Хрыста, Яна дала нам самы вялікі скарб. Найкарацейшы шлях да Бога – шлях праз Марыю. Яна бярэ кожнага з нас за руку і вядзе да Езуса Хрыста. Яна кажа: “Вось гэта тваё самае вялікае Шчасце, самы значны Скарб! Можаш не мець багацця, але можаш быць самым шчаслівым, калі ў сэрцы жыве Езус...”.

warniny 47

Пасля Імшы святары разам з вернікамі, стоячы на каленях перад абразамі, памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, праз заступніцтва Маці Божай звярнуліся да Бога з падзякамі перад кожным з абразоў.

Ксёндз Віктар Захарэўскі шчыра падзякаваў арганізатарам пілігрымкі з копіямі цудадзейных абразоў, у першую чаргу ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку і айцу Станіславу Станеўскаму, за дадзеную магчымасць наведаць у сваёй парафіі адначасова ўсе санктуарыі. Усім прысутным пробашч пажадаў, каб Марыя прынесла супакой у кожнае сэрца і сям’ю, а таксама каб кожны парафіянін на працягу тыдня змог, наведаўшы святыню, ушанаваць Маці Божую ў цудадзейных абразах.

Пасля заканчэння Імшы людзі не спяшаліся пакідаць касцёл, падыходзілі да абразоў, маліліся, кланяліся Маці Божай, дзякуючы Ёй і просячы дапамогі ў Заступніцы.

Копіі абразоў прабудуць у варнянскім касцёле да 19 лютага. У гэты дзень а 13-й гадзіне там адбудзецца Імша падзякі перад абразамі, пасля чаго копіі цудатворных ікон накіруюцца ў смаргонскую парафію св. Яна Паўла II.

Юрый Адула

Фота: Віктар Ведзень