Skip to main content

Па выніках другога туру ўступнага экзамену ў семінарыю ў Гродне залічаны новыя кандыдаты

wds 39 жніўня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся другі тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.

Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл.

Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да служэння ў Яго аўчарні ў якасці святароў.

wds 2

Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне біскупаў ардынарыяў, з чыіх дыяцэзій паходзяць кандыдаты, і атрымаўшы іх благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі двое кандыдатаў:

Максім Ленец (парафія Божага Цела, Крамяніца, Гродзенская дыяцэзія);

Іван Шаранговіч (парафія святога Андрэя, апостала, Крывічы, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Новымі студэнтамі Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску таксама сталі двое кандыдатаў:

Іван Аляхновіч (катэдральная парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пінск, Пінская дыяцэзія)

Георг Аляксандр Скрабец (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Брэст, Пінская дыяцэзія).

wds 1

Нагадаем, што па выніках першага туру ўступнага экзамену студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўжо сталі трое кандыдатаў

Такім чынам, у новым навучальным годзе падрыхтоўку да святарства ў духоўных семінарыях Беларусі распачнуць сямёра кандыдатаў.

Адказныя за фармацыю духавенства просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Паводле Catholic.by