26 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне адбылася цырымонія заканчэння навучальнага года.
Выкладчыкі і навучэнцы сабраліся на святой Імшы падзякі ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім). Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Перад пачаткам Імшы іерарх звярнуўся да шматлікіх прысутных. Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што навучэнцы каледжа павінны пазнаваць тэалагічныя дысцыпліны не з той мэтай, каб заспакоіць сваю цікавасць, хаця элемент пошуку мудрасці і прагненне яе паглыблення таксама вельмі важныя ў кожнай навуцы, але “каб яшчэ больш любіць Пана Бога, яшчэ мацней верыць у Яго і яшчэ руплівей Яму служыць”.
Эўхарыстыю пастыр Касцёла на Гродзеншчыне цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць гэтай навучальнай установы: адміністрацыі, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў.
У гаміліі дырэктар каледжа кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што кожны чалавек хоча бачыць плён сваёй працы, бо тады ўсведамляе, што ён вельмі патрэбны свету, тым людзям, якіх Божы Провід ставіць побач кожны дзень; што патрэбны менавіта ў гэтым месцы і ў гэты канкрэтны час.
Як падкрэсліў дырэктар каледжа, варта таксама ўсведамляць, што Пан Бог адарыў кожнага шматлікімі дарамі, і, нягледзячы на тое, што кожны мае моцныя і слабыя бакі, трэба ўзбагачаць гэтымі Божымі дарамі іншых.
“Пан кожны дзень кліча нас, каб мы ішлі за Ім адважна і верна. Ён даў нам вялікі дар, абраўшы нас сваімі вучнямі. Ён пасылае нас, каб мы з радасцю абвяшчалі Яго як Уваскрослага, які і сёння жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле”, – дадаў кс. Марціновіч.
Пасля Імшы біскуп уручыў сямі навучэнцам дыпломы, якія пацвярджаюць, што яны скончылі вучобу, а таксама пажадаў усім навучэнцам і выкладчыкам, каб распачатыя канікулы сталі нагодай дзяліцца Богам з кожным, каго яны сустракаюць.
Іерарх выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі каледжа за клопат аб функцыянаванні навучальнай установы, адпаведнай і ўсебаковай фармацыі навучэнцаў, забеспячэнні як мага лепшых умоваў для здабывання ведаў.
Таксама ён падзякаваў выкладчыкам, сярод якіх духоўныя і свецкія асобы, за цэлы год сістэматычнага перадавання ведаў на лекцыях, правядзенне практычных заняткаў і асабістае сведчанне веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі