18 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Падчас Імшы, якая цэлебравалася на палявым алтары, іерарх удзяліў 71 верніку сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
У гаміліі біскуп падкрэсліў значэнне сакрамэнту канфірмацыі ў жыцці кожнага чалавека. Па яго словах, гэты сакрамэнт патрэбны чалавеку, каб быць сведкам Уваскрослага Пана ў сённяшнія цяжкія часы, калі неабходныя сапраўдныя вызнаўцы Хрыста.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў асабліва маладых людзей, якія ў гэты дзень былі ўзбагачаны сямю дарамі Святога Духа, не змарнаваць ласкі, якую дае Бог у гэтым сакрамэнце, а старацца пастаянна ўзрастаць у дасканаласці і імкнуцца да паглыблення сваёй веры.
На заканчэнне ўрачыстасці парафіяне, якія прынялі сакрамэнт, выказалі словы ўдзячнасці іерарху, сваім бацькам, сведкам канфірмацыі, а таксама святарам і сёстрам законным, якія адпаведным чынам рыхтавалі іх да гэтай падзеі.
Пробашч парафіі кс. Павел Шчарбіцкі SDB таксама падзякаваў біскупу за прыбыццё, прамоўленае Божае слова і ўдзяленне сакрамэнту. Тым жа, хто прыступіў у гэты дзень да канфірмацыі, ён пажадаў, каб прыняты сакрамэнт стаў для іх матывам да ўзрастання і духоўнага выспявання ў веры.
Kс. Юрый Марціновіч