Skip to main content

Біскуп Кашкевіч пра аблічча Касцёла ў Беларусі

Урачыстастасць новага навучальнага года ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі распачалася спевам “Багародзіцы” ў зале Яна Паўла II. Спачатку ксёндз біскуп прывітаў усіх прысутных, асабліва – кс. Ежы Лявіньскага і кс. Тадэвуша Вышыньскага, якія, як адзначыў пастыр, “з’яўляюцца моцнай гісторыяй гэтага месца”. Біскуп Аляксандр прывітаў таксама кандыдатаў на 1 курс, якія “адказалі на заклік Хрыста “Пайдзі за мной”. Звяртаючыся да алюмнаў, пастыр падкрэсліў, што пачуты ў глыбіні душы заклік Хрыста трэба ўзмацняць, жывучы ім штодзённа. Асаблівую ўвагу біскуп Аляксандр звярнуў на тое, што святарскае пакліканне – гэта асаблівы дар і асаблівы шлях кожнага пакліканага. Прыводзячы фрагменты паслясіноднай апостальскай адгартацыі „Pastores dabo Vobis”, ксёндз біскуп прыгадаў словы бл. Яна Паўла II, які падкрэсліваў, што “святасць – гэта перайманне Хрыста сціплага, чыстага і бязмежнага”.

У сваёй прамове пастыр узгадаў таксама, што “аблічча Касцёла ў Беларусі ў значнай ступені залежыць ад фармацыі алюмнаў, а потым – ад працы святароў”. Гэтая фармацыя, паводле ксяндза біскупа, мае чатыры вымярэнні: перад усім – фармацыя духоўная, але таксама і інтэлектуальная, душпастырская і чалавечая (паводле адгартацыі „PasteresdaboVobis”). Важны элемент гэтай фармацыі – фарміраванне сумлення, якое з’яўляецца цэнтральным элементам чалавечай фармацыі, таму што, як падкрэсліў пастыр, “святар – гэта праваднік чалавечага сумлення. Важна быць чалавекам спагадлівым, які адкрыты на патрэбы іншых. Сумленне дапамагае ўвесь час змагацца за духоўнае дабро, а добра сфарміраванае сумленне дапамагае нам прыпадабніцца да Хрыста”.

Напрыканцы свайго выступлення ксёндз біскуп звярнуўся да кандыдатаў на 1 курс: “Жадаю вам, каб вы былі верныя свайму пакліканню да канца. Няхай вашы сэрцы напаўняе радасць і моладзевы энтузіазм. Свет патрабуе выдатных і святых святароў, патрабуе вашага аўтэнтычнага сведчання”.