Skip to main content

У Дворышчы адбудзецца асвячэнне капліцы

dworycza21 кастрычніка ў Дворышчы на мясцовых могілках адбудзецца ўрачыстае асвячэнне капліцы пад тытулам Маці Божай Ружанцовай. Асвячэнне здзейсніць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пачатак у 11.00.

Тытул Маці Божай Ружанцовай не выпадковы для капліцы, бо пад ім у гэтых мясцінах раней ужо былі каталіцкія святыні. Ёсць гістарычныя звесткі, што першая капліца ў гонар Маці Божай Ружанцовай была пабудавана ў вёсцы Дворышча рэктарам Віленскай акадэміі Гарцыя Алабіяна ў 1591 г. У 1770 г., пасля таго як старая капліца была зруйнавана, езуіты пабудавалі новую, а ў 1860-м арандатар і будучы ўладальнік Дворышча Аляксандр Вольскі пабудаваў на тым жа месцы васьмівугольную капліцу. Яна была асвячана ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і мела Яе абраз у срэбных шатах старажытнай работы.

Месцам новай капліцы, якая была пабудавана ў 1990-я гады мясцовым калгасам, сталі вясковыя могілкі Дворышча. Аднак узведзены былі толькі сцены, унутраныя работы не вяліся. У такім стане яна заставалася да 2019 г., калі была перададзена Лідскім райвыканкамам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат). Рамонт і мадэрнізацыя капліцы сталі магчымымі дзякуючы старанням і намаганням пробашча тракельскай парафіі кс. каноніка Юрыя Бяганскага.

“Толькі аднаму Богу вядома, колькі здароўя, часу, бяссонных начэй і сіл каштаваў гэты праект, – адзначае пробашч. – Няхай Бог аддзячыць людзям за адкрытасць, рашучасць, мужнасць і вялікую адданасць справе. Шчырая падзяка ўсім нашым вернікам, ахвярадаўцам і дабрачынцам за матэрыяльныя ахвяраванні, фізічную дапамогу на будаўнічых працах, а таксама за малітоўную падтрымку”.

Па словах пробашча, Імша з абрадам асвячэння капліцы з’яўляецца завяршэннем этапу рэканструкцыі і рамонту матэрыяльнай святыні, каб у ёй працягваць будаваць святыню духоўную.

“Гэта пабудова не з цаглін ці бетонных блокаў, а з жывых камянёў, якімі з’яўляюцца нашыя сэрцы і душы, – дадае кс. Юрый Бяганскі. – Як людзям веруючым нам патрэбна месца, якое б нагадвала нам пра наш нябесны дом. І гэтым домам сёння з’яўляецца капліца. Гэтая святыня – сэрца могілак, і 21 кастрычніка яно пачне біцца”.