Skip to main content

У канцы кастрычніка пройдуць урачыстасці стагоддзя Пінскай дыяцэзіі з удзелам пасланніка Папы

2 clear resize1

З 24 па 26 кастрычніка ў Пінскай дыяцэзіі пройдуць урачыстасці з нагоды яе стогадовага юбілею. 25 і 26 кастрычніка ў іх возьме ўдзел спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV – кардынал Клаўдыё Гуджэроцці.

25 кастрычніка святкаванні ў межах юбілейных урачыстасцяў пройдуць у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, запрашаюцца асаблівым чынам святары і кансэкраваныя асобы. 26 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце пройдуць у межах урачыстасцяў святкаванні Юбілею моладзі, запрашаюцца ўсе ахвотныя маладыя людзі.

Праграма:

24 кастрычніка, Пінск

18.00 – святая Імша з кансэкрацыяй касцёла св. Бэнэдыкта

25 кастрычніка, пінская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

11.00 – унясенне ў катэдру рэліквій св. Андрэя Баболі, нябеснага заступніка дыяцэзіі

11.45 – прывітанне спецыяльнага пасланніка Папы

12.00 – святая Імша падзякі за стагоддзе існавання дыяцэзіі

14.00 – пачастунак для гасцей

15.30 – канцэрт арганнай музыкі

17.00 – канцэрт музычнага гурта семінарыстаў

26 кастрычніка, касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, Юбілей моладзі Пінскай дыяцэзіі

11.00 – пачатак святкавання

12.00 – сустрэча моладзі са спецыяльным пасланнікам Папы

13.00 – святая Імша з удзелам моладзі, якую ўзначаліць пасланнік Папы; пасля – пачастунак, майстар-класы для моладзі, музычнае праслаўленне, падвядзенне вынікаў Юбілейнай сустрэчы моладзі

Маладым людзям для ўдзелу ў Юбілейнай сустрэчы моладзі неабходна зарэгістравацца па спасылцы.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, запрашаючы на ўрачыстасці, адзначае ў сваім звароце: “28 кастрычніка 1925 года Папа Пій ХІ, дбаючы пра духоўнае дабро вернікаў на нашай зямлі, стварыў Пінскую дыяцэзію. У той складаны час такі крок Апостальскай Сталіцы не толькі быў знакам клопату пра мясцовых католікаў, але і стаўся новым імпульсам да адраджэння Касцёла на значных тэрыторыях нашай краіны. На старонках гісторыі Пінскай дыяцэзіі залатымі літарамі ўпісаныя ўсім вядомыя імёны вялікіх асобаў, якія мацавалі веру і зрабілі бясцэнны ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі. Гэта Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, кардынал Казімір Свёнтэк, ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Праходзячы розныя няпростыя этапы гісторыі, праз жахі вайны, прыгнёт ваяўнічага атэізму і часы адноснай рэлігійнай свабоды, Касцёл на нашых землях заўсёды даваў сведчанне нязломнай веры і адданасці свайму Уваскросламу Пану – Езусу Хрысту.

Стогадовы юбілей Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца для нас нагодай, каб выказаць падзяку Пану Богу за Ягоныя бязмежныя дары, за ўсіх асобаў, якія ўзбагацілі наш Касцёл сваім досведам веры, сваім цярпеннем, руплівасцю і трывалым сведчаннем.

Таму прагну запрасіць кожнага з вас узяць удзел ва ўрачыстасцях, якія адбудуцца ў нашай Пінскай дыяцэзіі ў Пінску і Брэсце 25 і 26 кастрычніка. Наша радасць святкавання будзе ўзмоцненая прысутнасцю сярод нас спецыяльнага пасланніка Папы Льва ХІV, Яго Эмінэнцыі кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, якога вернікі Касцёла ў Беларусі добра памятаюць.

Як біскуп Пінскай дыяцэзіі вельмі сардэчна запрашаю вас далучыцца да нашага сумеснага святкавання, якое, спадзяюся, будзе супольным досведам веры, захапленнем Міласэрнасцю Пана Бога, дапаможа нам яшчэ больш пранікнуцца любоўю да нашага Святога Каталіцкага Касцёла, у які ўсе мы пакліканыя як адна сям’я Божых дзяцей”.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у сваім звароце запрашае на Юбілей моладзі ў Брэсце. “Заклікаю моладзь з усіх куткоў Беларусі, а таксама святароў, законных сясцёр і ўсіх, хто дапамагае моладзі крочыць дарогай веры, далучыцца да гэтай урачыстасці і малітоўна перажыць гэты момант, важны ў жыцці моладзі і Касцёла ў Беларусі, – адзначае іерарх. – Няхай гэтае свята моладзі стане святам сустрэчы з Хрыстом, Які жыве ў сваім Касцёле, і святам братэрства, у якім мы адчуваем, што ўсе мы — адна Божая сям’я”.

“Дарагія маладыя сябры! Прыязджайце ў Брэст з адкрытымі сэрцамі, каб разам маліцца, дзяліцца верай, радасцю і надзеяй. Няхай гэтая сустрэча дапаможа кожнаму з нас адчуць, што мы — жывыя камяні Касцёла і што Хрыстус разлічвае на кожнага з нас”, – піша біскуп Гродзенскі.

Атрымаць неабходную інфармацыю наконт святкаванняў у Пінску можна па нумары:

+375 29 850 23 01 – ксёндз Чэслаў Ладыка

Адказны за правядзенне Юбілею моладзі ў Брэсце – ксёндз Павел Рудзьман, тэлефонны нумар +375 29 709 00 93.