15 лютага адышоў у вечнасць а. Казімір Жыліс SJ, які назаўсёды ўпісаўся ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, служачы шмат гадоў у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, а таксама будучы адным з першых святароў, якія пачалі развіваць душпастырства вязняў.
Пра тое, якім быў спачылы святар-легенда, успамінае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, якога злучалі з ім сяброўскія сувязі і супольнае бачанне Касцёла і душпастырства.
– Ваша Эксцэленцыя, якім застанецца ў Вас у памяці памерлы айцец Казімір Жыліс?
– Адданым святаром, які прысвячаў усяго сябе Богу і людзям. Сапраўдным “аlter Christus”, які ў час ваяўнічага атэізму, як і свабоды рэлігіі, калі Касцёл пастаўлены пад новае выпрабаванне лібералізму і маральнага рэлятывізму, у сваім святарскім служэнні кіраваўся прынцыпам Хрыста: “Tак – так” або “Не – не”.
Ён ніколі не шукаў канфармізму, не вёў дыялогу са злом, мужна абараняў правы Касцёла і вернікаў. Быў “вязнем канфесіянала”. З самага ранняга часу чакаў у касцёле людзей да споведзі. Падтрымліваў таксама здаровы, хрысціянскі стыль жыцця. Вызначаўся аптымізмам і пачуццём гумару.
Быў папярэднікам каталіцкіх СМІ ў Беларусі. Як заснавальнік і кіраўнік тэлевізійнай студыі пакінуў багатую архіўную спадчыну гісторыі адраджэння Касцёла ў нашай Айчыне. Жывучы так і бескарысліва служачы Касцёлу, ён згарэў, як свечка на алтары Пана.
– Што злучала Вашу Эксцэленцыю з айцом Казімірам?
– Найперш святарства. Хоць у розны час, мы праходзілі фармацыю да святарства ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе ў Літве. У нас былі не толькі адны выкладчыкі, але і супольнае бачанне Касцёла і душпастырства.
Акрамя таго, мяне захапляла яго адкрытасць на патрэбы Касцёла як у Літве, так і за яе межамі. Ён быў сапраўдным місіянерам нашага часу. Працаваў у Літве і Украіне, а потым на пастаянны час спыніўся ў Беларусі, якая стала яго другой Айчынай.
Мы размаўлялі паміж сабой па-літоўску, што для мяне было вельмі важна, каб не страціць практыкі ў гэтай мове.
Ён быў маім вялікім і верным сябрам. У 1989-91 гадах, да майго ад’езду ў Маскву, ён спадарожнічаў мне ў пастырскіх візітацыях. Я заўсёды і кожную хвіліну мог папрасіць яго аб дапамозе, і ён заўсёды быў гатовы, вельмі адкрыты. Ён быў святаром узорнай паслухмянасці біскупу і настаяцелям Таварыства Езуса, да якога належаў. Ён ніколі не скардзіўся, а толькі служыў.
– Якое пасланне пакінуў спачылы святар вернікам Касцёла ў Беларусі?
– Ён быў верным сведкам Хрыста, чаго сёння не хапае. Не быць фасадам хрысціянства, а сапраўдным хрысціянам, які бароніць Касцёл, веру і маральнасць. Даверыцца Хрысту, адзінаму Збаўцу свету, які піша проста на звілістых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над “і”. Ніколі не саступаць у абароне сваіх правоў.
Біяграфія а. Казіміра Жыліса
Айцец Казімір Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 года ў вёсцы Лігінішкіс у Літве ў сям’і Юзафа і Веранікі з сям’і Краўялітэ. У яго быў старэйшы на два гады брат Ёнас. Сярэднюю школу скончыў у 1963 годзе ў Куклішкесе, працягваў адукацыю ў Вільні ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.
У 1965 годзе быў прызваны на ваенную службу ў Савецкую армію, якую праходзіў у вайсковай частцы ў Навасібірску. У 1968 г. пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.
Праз год распачаў святарскую фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе, у навіцыят Таварыства Езуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта.
Першыя манаскія абяцанні прынёс 12 снежня 1972 года, прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 17 красавіка 1973 года ў Каўнасе біскуп Юзаф Лабунас. Служыў у 70-я гады ў розных літоўскіх парафіях.
У 1978 годзе быў скіраваны на працу ў Вінніцу (Украіна), дзе тры гады быў пробашчам парафіі. У 1981 годзе вярнуўся ў Літву, у 1983 годзе стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 года.
У 1992 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў айца Жыліса ў Далас (ЗША) на двухгадовае навучанне дзеля працы на тэлебачанні.
Затым айцец Жыліс прайшоў сваю трэцюю прабацыю і 4 сакавіка 2002 года здзейсніў урачыстае прынясенне чатырох манаскіх абяцанняў у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на рукі а. Ежы Карпінскага SJ.
Да 2016 г. служыў у гродзенскай катэдры вікарыем, развіваў душпастырства цвярозасці. Акрамя таго, кіраваў тэлевізійнай студыяй Гродзенскай дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў гродзенскую турму і папраўчыя калоніі.
У 2016 г. прыехаў у Польшчу, каб прайсці курс лячэння і дапамагаць у парафіяльнай працы пры санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ахінаў душпастырскай апекай літоўцаў, якія жылі ў Варшаве. З ліпеня 2020 года адносіўся да Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса.
Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах. Граў на аргане, фартэпіяна і акардэоне.
Для многіх вернікаў, якія сустракаліся і знаёміліся з а. Казімірам, ён застанецца чалавекам-легендай, які змагаўся з атэізмам і не вагаўся называць грэх грахом, быў нязломным прапаведнікам праўды, аўтарытэтам для вязняў, нястомным спаведніком, якога заўсёды можна было застаць у канфесіянале.
Адышоў да Пана на 48-м годзе манаскага паклікання і 47-м годзе святарства.
Кс. Юрый Марціновіч