31 студзеня – асаблівая дата для салезіянскай сям’і ўсяго свету, бо ў гэты дзень нарадзіўся для вечнага жыцця ў Небе св. Ян Боско.
Cалезіянская сям’я Смаргоні пачала святкаванне напярэдадні ўрачыстасці набажэнствам “Транзітус”. Вернікі разважалі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам над апошнімі момантамі жыцця св. Яна Боско, яго словамі, настаўленнямі і ўчынкамі.
На наступны дзень смаргонцы сабралася на ўрачыстую Імшу, каб аддаць пашану св. Яну Боско – свайму апекуну і духоўнаму сябру. Цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Іерарха прывітаў пробашч і дырэктар смаргонскай супольнасці кс. Павел Шчарбіцкі SDB. У гаміліі біскуп зрабіў параўнанне вытаптанай у снезе сцежкі, якая дазваляе дайсці ўзімку да мэты, са св. Янам Боско, які вытаптаў салезіянам шлях да сэрца маладога чалавека і дзякуючы чыйму вопыту яго духоўныя сыны змогуць здабываць душы для неба.
Падчас Імшы салезіяне супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні працягваць жыць у еднасці і служэнні Богу і моладзі ў салезіянскай харызме. Таксама ў аніматары былі прыняты шэсць новых кандыдатаў, а іншыя аніматары аднавілі свае абяцанні.
На заканчэнне біскуп благаславіў новую фігуру св. Яна Боско, якую ахвяравалі вернікі і якая ў хуткім часе будзе ўстаноўлена ў галоўным алтары мясцовага касцёла св. Міхала Арханёла.
Пасля Iмшы вернiкам была прапанавана невялiкая праграма ў анлайн-рэжыме. Усе араторыi Беларусі сустрэліся на прасторы ZOOM, каб павiншаваць адзiн аднаго са святам ксяндза Боско. Дзякуючы прамой трансляцыі прысутныя мелі магчымасць пачуць зварот генеральнага настаяцеля да салезіянскай сям’і ўсяго свету. Таксама ім быў прадстаўлены трэйлер гістарычнага фільма з нагоды юбілею 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі, які неўзабаве з’явіцца на тэлебачанні і прасторах інтэрнэта.
На заканчэнне анлайн-сустрэчы ўсе араторыі па традыцыі памаліліся тройчы “Вітай, Марыя”, а са слоўкам да гледачоў звярнуўся рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Пасля канферэнцыi ў ZOOM моладзь i дзецi смаргонскага араторыя прадставілi сцэнку пра жыццё св. Яна Боско.
Ева Багдзевіч