Skip to main content

У Азёрах у другі раз адзначылі Нядзелю Божага слова

ozery 130 верасня 2019 г., у 1600-ю гадавіну смерці св. Гераніма, які вельмі любіў Святое Пісанне і якому належаць словы “Няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”, Папа Францішак у Апостальскім лісце “Aperuit illis” устанавіў ІІІ Звычайную нядзелю Нядзеляй Божага слова для ўсяго Касцёла як дапаўненне да ўжо існуючага свята Божага Цела.

У парафіі Хрыста Валадара ў Азёрах гэтае свята ўпершыню адзначылі ў ІІІ Звычайную нядзелю 2020 г. Тады ўрачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў кс. канонік доктар Аляксандр Мацкевіч, канцлер Гродзенскай курыі і выкладчык Святога Пісання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У гаміліі ён падкрэсліў важнасць частага і рэгулярнага чытання Святога Пісання і падзяліўся асабістым досведам разважання над Божым словам. Акрамя таго, ён заахвоціў набываць Біблію тых, у каго дома яшчэ няма яе. У той дзень у касцёле было распаўсюджана сярод вернікаў больш за 50 экземпляраў Святога Пісання ў розных фарматах і перакладах.

Сёлетнія святкаванні Нядзелі Божага слова ў Азёрах пачаліся Імшой з урачыстым унясеннем Святога Пісання. Пасля літургіі слова пробашч парафіі а. Томаш Ксянжкевіч CMF уручыў экземпляры Бібліі са спецыяльным прызначэннем шасці сем’ям, якія абавязаліся рэгулярна чытаць яе і разважаць над ёю, а таксама будаваць на Божым слове сваю веру і малітву.

Парафія выказала ўдзячнасць Духу Святому за тое, што Ён натхніў Папу Францішка ўстанавіць гэтае свята, і ў надзеі, што яно дапаможа ацаніць ролю Божага слова ва ўмацаванні і разуменні нашай веры.

Беата Плюшынская

Фота: Марыя Дубко