Skip to main content

Пры смаргонскай парафіі адкрыўся дзявочы клуб

dewoczki smorgon 1417 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбылося адкрыццё дзявочага клубу “Нашы сакрэты”. 

Ідэя паўстання клубу ўзнікла ў дзяўчынак з жадання паспрабаваць адрадзіць хрысціянскія духоўныя каштоўнасці і традыцыі сярод дзяўчынак – будучых добрых хрысціянак і сумленных жанчын нашага грамадства. 

Восем маладых жанчын, сярод якіх ёсць аніматары і маладыя мамы, разам з сястрой Веранікай Блізнюк будуць імкнуцца выхоўваць дзяўчынак у духоўнасці, прыгажосці, радасці і вытанчанасці. Мэтай гэтага клубу з’яўляецца хрысціянскае духоўнае выхаванне, накіраванае на эстэтычнае, маральнае, псіхалагічнае і фізічнае развіццё асобы і талентаў дзяўчынак.

dewoczki smorgon 15

Удзельнікі прыйшлі на сустрэчу са сваімі бацькамі. Адкрыццё клубу распачалося прывітаннем і ўводным словам, з якім да прысутных звярнулася с. Вераніка. Удзельнікаў і гасцей чакалі сумесная малітва, гульні, гутарка з бацькамі, прэзентацыя, у якой асвятлялася дзейнасць клубу. Яго выхавацелькі пазнаёмілі сабраных з задачамі клубу, сярод якіх падкрэслілі фармаванне пачуцця справядлівасці і міласэрнасці, вернасці, высакароднасці і чысціні (цноты); развіццё ідэі дабра, прыгажосці і агульначалавечай маралі; пазнаванне асноў этыкету і прывіццё добрых манераў, пачуцця стылю, такту; прывіццё навыкаў догляду за сваёй знешнасцю.

Прымаць удзел у клубе будуць вучаніцы 3-5 класаў. Колькасць удзельніц склала 30 чалавек, якія будуць праводзіць свае сустрэчы ў дзвюх групах два разы ў месяц. 

На завяршэнне пробашч парафіі кс. Павел Шчарбіцкі падкрэсліў, як важна ў сучасным свеце быць добрай мамай і сапраўднай жанчынай. Затым ён памаліўся разам з усімі сабранымі і благаславіў на добрую справу.

Гэтая сустрэча дала добры старт для далейшай плённай сумеснай дзейнасці дзяцей, духавенства, аніматараў і бацькоў на шляху да святасці. 

С. Вераніка Блізнюк