12 студзеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў кс. Дзмітрыя Леўчыка, да гэтага часу студэнта Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне (Польшча), пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат).
Ксёндз Дзмітрый заменіць на гэтай пасадзе кс. Анатоля Маркоўскага, які скончыў служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі i вярнуўся на працу ў Віленскую архідыяцэзію (Літва).
Біскуп Кашкевіч пажадаў новаму пробашчу парафіі ў Гервятах плённага служэння сярод вернікаў, да якіх ён быў пасланы, і ўдзяліў благаслаўленне на спаўненне новых адказных душпастырскіх абавязкаў.
Ксёндз Дзмітрый Леўчык нарадзіўся 31 ліпеня 1988 г., паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 8 лістапада 2014 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі