5 студзеня адбыўся дзень засяроджання для міністрантаў і кандыдатаў у міністранты парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні.
Сустрэча адбылася пад назвай “Міністранты – пакліканне да службы Богу і бліжнім”. Увесь дзень міністранты і кандыдаты прысвяцілі Богу. Яны аб’ядналіся ў супольнай малітве, супольных разважаннях, справах і пачуццях.
Таксама дзень быў выразна распланаваны, што дазволіла атрымаць яшчэ больш карысці ад сустрэчы.
Міністранты і кандыдаты пачалі свой збор з супольнай малітвы. Яны маліліся, каб Бог благаславіў гэты дзень і дазволіў ім атрымаць як мага больш новых ведаў.
Пасля іх аб’ядналі супольныя гульні і смачны абед. Неўзабаве адбылася сустрэча з кс. Артурам Валчкевічам, пробашчам парафіі святых апосталаў Сымона і Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат).
Ксёндз Артур правёў канферэнцыю для ўдзельнікаў, адказаў на іх пытанні і распавёў пра сваё пакліканне. Дзень завяршыўся святой Імшой, якую канцэлебравалі пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс, вікарый кс. Віталій Валюк i кс. Артур Валчкевіч.
Міністранты і кандыдаты падзякавалі Богу за супольна праведзены плённы час, а кс. Артуру выказалі словы падзякі за тое, што ён знайшоў час падзяліцца з імі сваімі ведамі.
Кс. Віталій Валюк