У гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) прадставілі пастаноўку “Бацькоўскае сэрца” пра святога Юзафа, апекуна Каталіцкага Касцёла.
Пастаноўка ўтрымлівала глыбокае пасланне для сучаснага чалавека, сцвярджаючы, што калі Божая прыхільнасць выбірае кагосьці для нейкай асаблівай ласкі альбо да вышэйшага стану, то надзяляе яго ўсімі дарамі, якія неабходныя гэтай асобе і ў дадатак усебакова ўпрыгожваюць яе.
Гэта найбольш пацвердзілася на асобе святога Юзафа, зямнога бацькі нашага Пана Езуса Хрыста і сапраўднага абранніка Валадаркі свету і Панны анёлаў.
Дзеці і моладзь імкнуліся прадставіць святога Юзафа як таго, які жыў як звычайны чалавек, задумваўся над сваім жыццёвым пакліканнем. Аднойчы Бог запатрабаваў ад святога іншага шляху, і Юзаф адказаў: “Так, Божа, прымі ахвяру майго сэрца, і цяпер яно толькі Тваё! Вось я, Божа, прыходжу, каб выканаць Тваю волю…”
У ціхай малітве Юзаф прасіў аб пакоры, аб мужнасці выракацца самога сябе, аб моцным даверы Богу, аб сіле ў цярпеннях і выпрабаваннях, якія з Божай воляй ён прыме.
У цярпенні ўсяго свету праз Дзіця, якое расло пад дзявочым сэрцам Марыі з Назарэта, Радасць увайшла ў сэрца Юзафа, агарнула яго і паглынула быццам у хвалях бяздоннага акіяну, бо ён зразумеў свой жыццёвы шлях.
Папа Францішак заўважыў, што шчасце Юзафа заключаецца ў логіцы не ахвяры, а дару. Мэтай свайго новага Апостальскага ліста Пантыфік назваў тое, каб “выклікаць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да прашэння аб яго заступніцтве і пераймання яго цнотаў і прыхільнасці”.
На заканчэнне пастаноўкі была выказана просьба да святога Юзафа за кожную сям’ю гэтай парафіяльнай супольнасці і кожнага чалавека, аб нястомнай апецы, каб усе па яго прыкладзе і з яго дапамогай маглі жыць у святасці і атрымаць вечнае шчасце ў небе.
С. Дарота Белагрывая