Skip to main content

Віншаванні для хору Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino” з нагоды ўспаміну св. Цэцыліі

contate domino jubilej 63Паважаныя ўдзельнікі хору “Cantate Domino” на чале з дырыжорам Генрыхам Іванавічам!

22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, ад усяго сэрца віншуем гродзенскі хор “Cantate Domino” на чале з дырыжорам Генрыхам Іванавічам Давідовічам!
Няхай Бог, цудоўны Творца неба і зямлі, які адарыў людзей ласкай бачыць прыгожае, адчуваць узнёслае і ўвасабляць свае пачуцці ў творах мастацтва, напоўніць вас, паважаныя харысты, любоўю і радасцю, каб сваім чароўным спевам кранаць сэрцы людзей, заклікаючы да глыбокай малітвы і адновы жыцця.

 

contate domino jubilej 69

Няхай святая Маці Божая захоўвае вас у адзінстве і вернасці свайму пакліканню: праслаўленню Бога праз духоўны спеў. А св. Цэцылія няхай апякуецца вашымі галасамі і выпрошвае патрэбныя ласкі на гэтай шляхетнай дарозе.
Асаблівыя словы пашаны кіруем дырыжору Генрыху Іванавічу, які нястомна працуе над развіццём і артыстычным удасканаленнем калектыву, а таксама па-бацькоўску апякуецца кожным харыстам. Ад усяго сэрца жадаем яму Божага благаслаўлення, здароўя і новых творчых памкненняў. Няхай Святы Дух кіруе Вамі і напаўняе Сваёй ласкай і сілай!

З удзячнасцю вернікі Гродзенскай дыяцэзіі

contate domino jubilej 64

Па традыцыі дзень 22 лістапада харысты, для якіх музычная дзейнасць складае вельмі важную частку жыцця, адзначаюць святочным канцэртам, які заўсёды збірае разам шматлікіх слухачоў – аматараў касцёльнай музыкі і прыхільнікаў творчасці хору.

Аднак гэты год асаблівы: пандэмія каранавірусу змяніла жыццё кожнага чалавека, закранула амаль кожную сям’ю. Таму ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй з клопатам пра здароўе харыстаў і вернікаў сёлетні святочны канцэрт адмяняецца.

Маем надзею, что ў хуткім часе мы зноў зможам пачуць цудоўны голас хору “Cantate Domino”, які ў сферы касцёльнай музыкі і спеву з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай Гродзенскай дыяцэзіі, добра вядомай, распазнавальнай і любімай слухачамі.