14 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у вёсцы Залессе на Смаргоншчыне адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
Як паведамляе sdb.by, урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
На пачатку Эўхарыстыі кс. Павел Шчарбіцкі SDB прывітаў біскупа, рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB, сабратоў салезіянаў і сясцёр салезіянак, парафіянаў і гасцей, сярод якіх былі старшыня Залескага сельвыканкама Зянон Грышкевіч і дырэктар музея-сядзібы М.К. Агінскага Людміла Градзіцкая.
Перад Імшой адбылося асвячэнне абраза Маці Божай Вастрабрамскай, які быў створаны на ахвяраванні вернікаў парафіі і цяпер знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.
У гаміліі біскуп Аляксандр адзначыў, што у кожнага чалавека ёсць свая маці на зямлі, а таксама Нябесная Маці Марыя, якую даў сам Пан Езус. Па словах іерарха, Езус хоча, каб праз рукі Яго Маці людзі ўзносілі просьбы Богу.
Біскуп дадаў, што кожны павінен вучыцца казаць “не” граху, беручы прыклад з Марыі, якая была “поўнай ласкі”, гэта значыць не мела граху. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Марыя згаджаецца з воляй Бога, кажучы: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле Твайго слова”. “А ці кожны з нас умее так пакорна прымаць Божую волю?” – задаў прысутным пытанне іерарх.
Пасля таго, як прагучалі словы падзякі ўсім, хто дапамог арганізаваць урачыстасць, адбыліся Эўхарыстычная працэсія вакол капліцы і асвячэнне новага крыжа, ахвяраванага дабрадзеем са Смаргоні.
Напрыканцы ўрачыстасці ганаровая грамата за дапамогу ў захаванні і развіцці духоўных каштоўнасцяў была ўручана дырэктару музея-сядзібы М.К. Агінскага Людміле Градзіцкай. Дзякуючы за высокую адзнаку сваёй дзейнасці, дырэктар заахвоціла прысутных надалей супрацоўнічаць адно з адным у культурна-духоўным развіцці, кіруючыся жыццёвым вопытам Міхала Клеафаса Агінскага.