Skip to main content

За спачылага кс. каноніка Юзафа Ганьчыца ў 30-ы дзень пасля яго смерці памаліліся ў Лідзе

lida hanczyc 3114 лістапада вернікі парафіі Святой Сям’і ў Лідзе сабраліся ў сваёй святыні, каб памаліцца ў 30-ы дзень пасля смерці спачылага ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, які 24 гады быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці.

Памаліцца за душу памерлага святара прыбылі таксама яго родныя, блізкія і ўсе, хто пажадаў ушанаваць яго памяць.

Эўхарыстыю, спалучаную з Нешпарамі, узначаліў біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну кс. канонік Уладзімір Гуляй. На Імшы прысутнічалі дэкан Лідскі кс. Андрэй Роўба CRL, святары Лідскага дэканату і святары, якія паходзяць з парафіі Святой Сям’і.

Ксёндз Андрэй Роўба ў гаміліі распавёў пра сутнасць смерці і стаўленне да яе з розных бакоў. “Здараецца так, што наша чалавечае разуменне не сыходзіцца з Божай логікай”, – зазначыў святар, заахвочваючы да пакоры ў прыняцці Божай задумы.

Узгадваючы пра спачылага кс. Юзафа Ганьчыца, святар сказаў: “Ваш пробашч стараўся прыслухоўвацца да голасу Бога. Таму мы сёння заўважаем плён яго працы. Дзякуючы яго намаганням мы бачым духоўную святыню вашай парафіяльнай супольнасці, а таксама пабудаваны касцёл – бачны знак веры людзей у горадзе Лідзе”.

Пасля Імшы святары і вернікі накіраваліся ў працэсіі да магілы кс. Юзафа і памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці аб вечным жыцці для яго.

Aндрэй Юхнік