Пра тое, што першыя дні лістапада адзначаюцца непаўторнай і асаблівай атмасферай, а таксама што ўрачыстасць Усіх Святых заахвочвае не толькі да культу святых, але найперш да клопату пра ўласную святасць, нагадаў 1 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гэтую ўрачыстасць, асаблівы дзень, калі Касцёл успамінае ўсіх святых, вядомых і невядомых па імёнах і прозвішчах, іерарх узначаліў aпоўдні Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На малітве сабраліся жыхары горада, якія прасілі святых, сваіх нябесных памочнікаў і апекуноў, заступацца за іх і дапамагаць ісці шляхам Езусавых благаслаўленняў, каб калісьці, пасля заканчэння зямной пілігрымкі, таксама апынуцца ў ліку шчаслівых жыхароў нябеснай айчыны.
У гаміліі біскуп адзначыў, што святасць – гэта не ўзнагарода за добрыя ўчынкі, а Божы дар, які кожны чалавек атрымаў падчас хросту. “Усе мы ахрышчаныя, утвараем святы Божы народ і носім у сабе задаткі святасці”, – сказаў іерарх.
Ён дадаў, што ва ўрачыстасць Усіх Святых Касцёл выказвае Богу падзяку за людзей, якія слова Хрыста “благаслаўлёныя” з Казання на гары аднеслі да сябе. “Яны з’яўляюцца кімсьці накшталт жывога каментарыя да Евангелля. Яны паказваюць нам, што можна жыць паводле навукі Хрыста. Яна стала іх хлебам штодзённым”, – заўважыў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што святасць нельга зразумець у адрыве ад найважнейшай мэты жыцця чалавека, якой з’яўляецца вечнасць. “Прызначэнне чалавека – жыццё вечнае, значыць калі ён адноўлены, абмыты ў крыві Ягняці, вызвалены ад граху смерці. Быць чалавекам адноўленым, а такім чынам шчаслівым шчасцем самога Бога”, – адзначыў біскуп.
Іерарх дадаў, што мінулае ХХ стагоддзе было стагоддзем мучанікаў. Таму, па яго словах, сёння можна ганарыцца мучанікамі, звязанымі з нашай зямлёй: св. Максімільянам Кольбэ, бл. Мар’янай Бярнацкай, бл. сёстрамі-мучаніцамі з Навагрудка, бл. ксяндзом Генрыкам Глябовічам і многімі іншымі, якія сталі сябрамі Бога і ўказваюць нам, сучасным людзям, шлях да святасці.
Таму біскуп заахвоціў ісці іх слядамі, “умець прысвяціць асабістае дабро большаму супольнаму дабру”, “будаваць масты разумення паміж тымі, хто сварыцца і варагуе”, “быць вестунамі міру”, а таксама “з любові да Хрыста быць гатовымі да цярпення ці пераследу, а нават і прысвяціць сваё жыццё”.
У гэты дзень біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў таксама святую Імшу ўвечары ў катэдральным касцёле. Пасля адбылася жалобная працэсія па святыні, у межах якой падчас кожнага з пяці прыпынкаў вернікі маліліся за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за грахі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Валерый Крыштаповіч