Традыцыйна на пачатку лістапада католікі наведваюць могілкі, каб навесці там парадак і памаліцца за памерлых продкаў. Каталіцкі Касцёл заклікае людзей да памяці і шанавання памерлых. У гэтыя дні пры выкананні належных умоў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душу, якая знаходзіцца ў чыстцы.
Як паведамляе sdb.by, 30 кастрычніка салезіянская сям’я Беларусі сабралася ў вёсцы Дварэц (Дзятлаўскi дэканат), каб памаліцца за памерлых сабратоў і благаславіць новыя помнікі траім сабратам.
Дварэц – месца, дзе сто гадоў таму салезіяне распачалі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Таму сімвалічна, што добраўпарадкаванне месцаў пахавання салезіянаў у межах падрыхтоўкі святкавання 100-годдзя прысутнасці членаў таварыства на Беларусі распачалося менавіта з гэтага месца.
Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Прысутных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі і за якіх цэлебруецца Імша. Разам з салезіянамі маліўся мясцовы пробашч ксёндз Павел Скуба.
Гамілію прамовіў пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску і дэкан дэканату Мінск-Усход кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Святар адзначыў, што кожны хрысціянін добра ведае шлях, які вядзе да збаўлення, але ведаць шлях і ісці ім – розныя рэчы. Ксёндз Аляксандр дадаў, што памерлыя сабраты пісалі гісторыю салезіянскага таварыства на гэтай зямлі, а сёння можна задаць сабе пытанне, якую гісторыю пішам мы і куды крочым.
Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў прысутным за супольную малітву і адзначыў, што вельмі цешыцца магчымасці перажываць такі важны момант са сваімі сабратамі.
Потым прысутныя, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, накіраваліся на могілкі, дзе адбылося благаслаўленне помнікаў ксяндзу Людвіку Віткоўскаму SDB і сабратам каад’ютарам Стэфану Залеўскаму SDB і Казіміру Ляхоўскаму SDB.
Ксёндз Віктар Гайдукевіч уручыў падзячную грамату з подпісамі біскупа Аляксандра і сваім Вадзіму Груду, чыя фірма дапамагла пры ўсталяванні помнікаў. Каля магіл салезіянаў прагучала малітва і падзяка памерлым за іх жыццё і сведчанне.