2 кастрычніка, у літургічны ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, кардынал Казімеж Ныч выдаў пастанову, у якой паведаміў, што Варшаўская архідыяцэзія збіраецца распачаць беатыфікацыйны працэс с. Ванды Банішэўскай з Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, містыка і стыгматыка.
Першае ўрачыстае пасяджэнне з нагоды працэсу адбудзецца 9 лістапада ў капліцы Дома арцыбіскупаў Варшаўскіх. Будзе прыведзены да прысягі трыбунал, прызначаны для вядзення працэсу.
Сястра Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 г. у вёсцы Каменка каля Навагрудка і жыла там са сваімі роднымі да ўступлення ў манаскую супольнасць.
Сястра памерла 2 сакавіка 2003 г. ва ўзросце 96 гадоў у Канстанцін-Езёрне (Польшча) пасля 76 гадоў манаскага жыцця. Меркавалася, што яна адышла ў вечнасць у стане святасці. У 2016 г. быў апублікавана яе “Духоўны дзённік”, які ахоплівае запісы ад 1921 да 1980 гг. і ўтрымлівае нататкі, якія яна пісала па даручэнні спаведніка. У іх выяўляецца тое, што пры яе жыцці было схавана ад свету.
Асаблівай рысай яе духоўнасці было прыняцце на сябе цярпенняў у якасці ўзнагароды Богу, якія найчасцей ахвяроўваліся за святароў. На думку тэолагаў, сястра з’яўляецца годным наследвання “апосталам пакаяння ўзнагароды”, а сваімі паводзінамі вучыць незвычайнай каштоўнасці містычнага жыцця і духоўнасці пакутаў.
Беатыфікацыйны працэс распачнецца праз 17 гадоў пасля яе смерці. Яго ініцыятарамі сталі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр ад Анёлаў, у якую яна ўваходзіла, і будзе праводзіцца Варшаўскай архідыяцэзіяй. Працэсы на дыяцэзіяльным этапе праводзяцца дыяцэзіяй, на тэрыторыі якой памёр кандыдат да хвалы алтара.
Пачатак жыцця і родны дом
Сястра Ванда Банішэўская CSA нарадзілася 2 чэрвеня 1907 г. у Каменцы каля Навагрудка. У сям’і, акрамя яе, было яшчэ сямёра дзяцей, двое памерла ў маленстве. У Каменцы яна жыла з бацькамі, братамі і сёстрамі да часу ўступлення ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў.
Яе бацька Францішак Вітольд Банішэўскі паходзіў са збяднелай шляхты, чый маёнтак быў забраны рускімі за ўдзел у студзеньскім паўстанні дзеда Ванды Міхала. Яе маці Гелена з сям’і Антолак была па паходжанні яўрэйкай, прынятай у сям’ю Туроўскіх і ахрышчанай перад шлюбам у 16 гадоў.
Бацькі, як узгадвала сястра Ванда, “былі пабожнымі і трывалымі ў каталіцкай веры, як і поўныя любові да бліжняга”. Таму не здзіўляе тое, што дзеці былі выхаваны ў хрысціянскім духу, падрыхтаваны да ахвярнасці і працы. Бацька Ванды менш чым праз год пасля шлюбу і да нараджэння першай дачкі Францішкі паехаў у Амерыку і хацеў, каб з ім паехала жонка, але тая рашуча адмовілася ад далёкага падарожжа. Праз шэсць гадоў ён вярнуўся ў сям’ю з грашыма, за якія атрымалася пабудаваць дом і купіць 50 гектараў зямлі ў Каменцы. Купленую зямлю ён здаваў у арэнду, а сам працаваў лесніком у маёнтку графа Мікалая Грабоўскага.
Уступленне ў манаскую супольнасць
У 16 гадоў Ванда вырашыла ўступіць у Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільні, куды яе прынялі 2 лютага 1926 г. Яна атрымала манаскае імя Марыя Вацлава. Адзначаецца, што пасля першых манаскіх абяцанняў Хрыстус акрэсліў яе місію так: “Хачу, каб цярпела для Мяне, выбраў цябе для ўзнагароды за знявагі, якія зведваю ад душаў, прысвечаных Мне…” Таксама яна пачула ад Езуса, што Яго адкідваюць і не разумеюць самыя блізкія Яму – святары і сёстры законныя.
Хрыстус хацеў, каб яна, таксама перажываючы адкідванне і неразуменне, узнагароджвала Яго Сэрцу боль, які Ён перажывае. З гэтай хвіліны малітва і ахвяры ў інтэнцыі святароў, кансэкраваных асобаў і даручаных яе заступніцтву сталі задачай, якую с. Ванда спаўняла да канца жыцця.
2 жніўня 1933 г. сястра Ванда прынесла вечныя манаскія абяцанні. З 1934 па 1950 год яна, спаўняючы хатнія абавязкі і працуючы катэхеткай, між іншым вучыла катэхезе будучага кардынала Генрыка Гульбіновіча і сябравала з яго сям’ёй. Таксама яна займалася міністранатмі і выконвала абавязкі настаяцельніцы манаскага дома.
Стыгматы
Сястра Ванда атрымала ласку стыгматаў і глыбейшага пазнання Бога. Раны кроватачылі асабліва моцна з вечару чацвярга да раніцы суботы, у час, калі Езуса ўкрыжавалі і паклалі ў магілу. У перыяд Вялікага посту боль быў нашмат мацнейшы.
Да моманту яе смерці практычна ніхто не ведаў, што ў супольнасці, дзе не насілі габітаў, жыве законніца, якая зведала незвычайныя перажыванні. Менавіта такой была воля с. Ванды, зграбнай высокай законніцы з блакітнымі вачыма і вясёлым выразам твару.
11 красавіка 1950 г. яна была арыштавана супрацоўнікамі НКУС, перанесла катаванні. У 1951 г. яе накіравалі ў лагер у Верхняуральску ў Сібіры, а праз два гады – у Чалябінск. Яна шчасліва перажыла гэтыя пакуты, ахвяруючы ўсе свае цярпенні як узнагароду Богу за грэшнікаў. Знешнія стыгматы пасля вяртання з Сібіры ў Польшчу зніклі.
Сястра вярнулася ў Польшчу 17 кастрычніка 1956 г. Служыла, між іншым, у Беластоку і Чэнстахове. Яе жыццю спадарожнічала шмат з’яваў, якіх нельга патлумачыць рацыянальным чынам. Яна неаднойчы перажывала экстаз, а падчас замаху на Папу Яна Паўла ІІ адчувала моцны боль ва ўсім целе і вельмі пакутавала ўвесь дзень. У часы вайны яна прадказала, што Польшча атрымае свабоду. Кантактавала з душамі, якія знаходзіліся ў чыстцы. Яе мучыў д’ябал.
Была засяроджанай не на сабе, а на Богу
Апошнія хвіліны свайго жыцця яна правяла ў галоўным манаскім доме супольнасці ў Канстанцін-Езёрне, дзе памерла 2 сакавіка 2003 г. у 96 гадоў, пасля 76 гадоў манаскага жыцця. Адышла ў вечнасць, як меркавалася, у стане святасці і была пахавана на могілках у Скалімаве.
Без фанфар, без успышак фотаапаратаў, без рэкламы – яна адышла так, як жыла: цалкам адданая Богу і Яго справам, засяроджаная на Езусе, а не на сабе.
Яна пакінула нам заданне – быць больш для Бога і праз малітву і ахвяры падтрымліваць тых, хто найбліжэй да Яго: святароў і кансэкраваных асобаў. Пражыўшы ціха, яна зрабіла вялікі ўнёсак у духоўнае жыццё Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч