У першую нядзелю кастрычніка ў парафіі святога Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай. У бакавым алтары касцёла змешчаны абраз Маці Божай Ружанцовай, які вернікі асабліва ўшаноўваюць.
Па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза Аляксандра Лебядзевіча Эўхарыстыю ўзначаліў ксёндз Юрый Ясевіч. Святыня была запоўнена парафіянамі і гасцямі, якія з радасцю прыйшлі на ўрачыстасць, каб падзякаваць Маці Божай за атрыманыя дары.
У гаміліі ксёндз Юрый узгадаў многія аб’яўленні Маці Божай і заклік маліцца на ружанцы, дадаўшы, што гэтая цудоўная малітва з’яўляецца самай магутнай зброяй у свеце. Святар заклікаў прысутных часцей звяртацца да Маці Божай, прыходзіць да Езуса з дзіцячым даверам, маліцца са шчырым сэрцам, прамаўляць малітвы не “на ўсялякі выпадак”, а з сапраўднай верай у Божую прысутнасць у сваім жыцці.
Пасля Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол святыні. Падчас працэсіі святар з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і вернікі спыняліся каля кожнай з пяці каплічак, молячыся дзясятак Ружанца.
Напрыканцы ўрачыстасці пробашч падзякаваў кс. Юрыю Ясевічу за мудрыя словы навукі, а ўсім прысутным – за ўдзел у святой Імшы і працэсіі.
Людміла Пясецкая