20 верасня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве (Слонімскі дэканат) падчас урачыстай Імшы група дзяцей упершыню прыступіла да эўхарыстычнага стала, прыняўшы ў сэрца Пана Езуса ў святой Камуніі.
У прыгожай мясцовай святыні сабралося ў гэты дзень шматлікія блізкія, бацькі, хросныя 8 дзяўчынак і 6 хлопчыкаў.
Дзеці былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтай важнай у сваім жыцці падзеі. Днём раней яны ўпершыню прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Яцэк Маркель CMF. У гаміліі святар патлумачыў дзецям сэнс і важнасць гэтага дня, а таксама тое, кім з’яўляецца Езус, якога чалавек прымае ў святой Камуніі ў сваё сэрца.
Для мясцовай парафіяльнай супольнасці гэты дзень быў сапраўды ўрачыстым, бо гэта доказ таго, што парафія жыве, развіваецца і мае пэўную будучыню, таму што дзеці – надзея нашай краіны і Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: zelwa.by