13 верасня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне група вернікаў прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
Сакрамэнт удзяліў моладзі і старэйшым парафіянам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Святую Імшу, падчас якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма, іерарх цэлебраваў у іх інтэнцыі, просячы для іх аб ласцы моцнай веры і адвагі, каб штодзённа даваць сведчанне сваёй прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.
Звяртаючыся да тых, хто ў гэты дзень быў узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, біскуп падкрэсліў, што гэты сакрамэнт патрэбны, каб не падпарадкоўвацца тэндэнцыям сучаснага свету, а жыць Божым Словам, трываючы ў веры, і пастаянна быць у стане асвячальнай ласкі.
Маладым людзям, якія склалі большасць тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, іерарх нагадаў услед за св. Янам Паўлам ІІ, што яны надзея і будучыня Касцёла, а таксама нашай краіны. Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, мы глядзім на іх з вялікай надзеяй, бо менавіта ад іх у значнай меры залежыць, ці будуць Бог і хрысціянскія каштоўнасці далей прысутнічаць у грамадскім жыцці краіны.
Біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, якія паклапаціліся аб рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей і сталі іх першымі катэхетамі, далі прыклад добрага хрысціяніна.
У сваю чаргу маладыя вернікі падзякавалі ўсім, хто падрыхтаваў іх да гэтай падзеі. Яны выказалі падзяку сваім душпастырам і катэхетам за вялікі ўнёсак у іх падрыхтоўку да гэтага дня, які, па іх словах, значыць для іх вельмі шмат, абавязвае мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Яўген Занеўскі