5 верасня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне прайшла цырымонія распачацця новага навучальнага года.
На першы год навучання, якое адбываецца па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса), былі залічаны 8 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Таксама яшчэ на працягу ўсяго верасня можна звяртацца да адміністрацыi каледжа, каб распачаць вучобу.
Інаўгурацыя навучальнага года пачалася з прывітання навучэнцаў першага курса, якіх з радасцю прынялі тыя, хто вучыцца на старэйшых курсах.
Затым біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прадставіў новага дырэктара гэтай навучальнай установы, якім стаў кс. Юрый Марціновіч. Новапрызначаны дырэктар выступіў перад прысутнымі з дакладам “Тэалагічна-пастаральнае значэнне паняцця “пастаральнае навяртанне” ў святле адгартацыі Evangelii gaudium”.
Святар падкрэсліў, што пастаральнае навяртанне – паняцце вельмі важнае, нават ключавое для пантыфікату Папы Францішка. Яно з’яўляецца заданнем для Касцёла, які Езус Хрыстус паклікаў быць вучнем-місіянерам і ўбогім. Папа ставіць выклікі кожнаму лакальнаму Касцёлу, каб той нанова пераасэнсаваў сваё жыццё і распачаў шлях распазнання, ачышчэння і рэформаў.
Ксёндз Марціновіч адзначыў, што, паводле Папы Францішка, сучаснаму свету патрэбна не толькі звычайнае, традыцыйнае душпастырства, але таксама ажыўленае і напоўненае місійным (евангелізацыйным) духам. Заданне, якое сваім вучням пакінуў Езус Хрыстус – пошук шляхоў да сэрца чалавека, каб прыйсці да яго з Добрай Навіной, – па-ранейшаму актуальнае. Яго не спаўняе ні “душпастырства чарговых вялікіх акцый”, ні душпастырства, заснаванае на прынцыпе “так заўсёды было”.
“Новыя часы патрабуюць новых людзей, запалу, сродкаў і метадаў. Таму змена ўмоваў не толькі вымушае адпаведным чынам рэагаваць на розныя сітуацыі, а патрабуе іх прагназавання, падрыхтоўкі і адэкватных дзеянняў усіх членаў Касцёла”, – дадаў святар.
Біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да навучэнцаў, адзначыў, што дзякуючы вучобе ў гэтым каледжы яны становяцца больш свядомымі хрысціянамі, глыбей падрыхтаванымі да сустрэчы з пытаннямі і праблемамі, якія нясе сучаснасць.
Іерарх пажадаў, каб веды, якія яны будуць здабываць на занятках у гэтай навучальнай установе ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла, пашыралі іх гарызонты, а таксама даступным і прафесійным спосабам перадаваліся іншым.
Біскуп падзякаваў ранейшаму кіраўніцтву і ўсім выкладчыкам каледжа за ўнёсак у падрыхтоўку будучых катэхетаў і адказных за лёс Касцёла і свету хрысціян.
Іерарх даручыў каледж, яго выкладчыкаў і навучэнцаў надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, i святога Казіміра, апекуна гэтай установы.
Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю ў канцы жніўня 2018 года. Ён быў заснаваны на базе Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
Галоўнай задачай каледжа з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама пашырэнне ўласных гарызонтаў і рэлігійных ведаў навучэнцаў.
Ангеліна Марцішэўская