7-8 жніўня адбылася XIX пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі. З-за эпідэміі каранавірусу сёлетняя пілігрымка адбылася ў вельмі сціплым і сімвалічным складзе.
У шлях вырушыла некалькі маладых людзей у індывідуальным парадку, да якіх далучыліся некалькі старэйшых, што кожны год удзельнічаюць у гэтай пілігрымцы. Многія хацелі ў гэтым годзе пілігрымаваць, нягледзячы ні на што, былі зацікаўлены, ці адбудзецца ўжо традыцыйная пілігрымка. На жаль, гэта было немагчыма, таму яны спадарожнічалі маленькай групе сваёй малітвай і духоўна ядналіся з тымі, хто быў у дарозе.
Удзельнікі падкрэсліваюць, што, хоць іх было няшмат, сутнасць пілігрымкі засталася той жа. Яны памяталі пра ўсіх, хто быў з імі духоўна, а ў санктуарый да славутай ласкамі фігуры занеслі ўсе іх інтэнцыі і просьбы.
Маршрут пілігрымкі быў той жа, які ўдзельнікі пераадольваюць кожны год. Яны спыніліся ў тых жа месцах, дзе і кожны год. На вялікае здзіўленне, ля некаторых крыжоў і ў некаторых вёсках яны сустрэлі жыхароў, якія віталі іх са слязьмі на вачах і з узрушанасцю.
Некаторыя жыхары нават падрыхтавалі стол, каб пачаставаць пілігрымаў, абпаленых промнямі жнівеньскага сонца, якога сапраўды было, як і заўсёды, шмат. Кожны год пілігрымам спадарожнічала цудоўнае надвор’е, а сонца абпальвала твары сваімі промнямі.
На шляху ўдзельнікі маліліся аб міры ў нашай краіне і дары паяднання для ўсіх жыхароў у дыялогу, духу ўзаемнай павагі і клопату пра агульнае дабро.
Пры ўваходзе ў санктуарый іх прывітаў звон у касцёльнай вежы. Затым яны ўвайшлі ў святыню, каб стаць перад Езусам з усімі справамі і інтэнцыямі – уласнымі і тымі, якія ім перадалі іншыя.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч сардэчна прывітаў усіх пілігшрымаў, акрапіўшы іх асвячанай вадой. Затым адбылася святая Імша, падчас якой пілігрымы дзякавалі за час, які правялі ў дарозе, і за ўсё атрыманае дабро.
Найперш яны дзякавалі за тую маленькую супольнасць, якую стварылі падчас шляху. Пілігрымка сапраўды з’яўляецца выключным досведам адчування супольнасці Касцёла, разважання над верай і асаблівай прысутнасці Бога.
Сёлетнія пілігрымы глыбока ўдзячныя кусташу санктуарыя за адкрытасць і гасціннасць, а таксама тое, што ў Росі яны заўсёды адчуваюць сябе як дома, чаканымі і любімымі. Таксама яны перакананы, што плёны гэтай пілігрымкі, рысамі якой былі цішыня, пакора і сціпласць, могуць быць нашмат большымі, чым тое, што было бачна.
Але таксама яны спадзяюцца, што ў наступным годзе кожны жадаючы зможа ўзяць удзел у ХХ пілігрымцы!
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Эвеліна Лукашэвіч, Пётр Савіцкі, Віталій Алізаровіч