У парафіi св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. У гэтым годзе да эўхарыстычнага стала ўпершыню прыступілі ў парафіі 16 дзяцей.
Днём раней дзеці з хваляваннем таксама ў першы раз укленчылі перад канфесіяналам, каб спазнаць Божую міласэрнасць у сакрамэнце пакаяння і паяднання.
Першая Камунія – падзея, да якой дзеці сумленна рыхтаваліся на працягу апошніх гадоў, таму, поўныя эмоцый, яны чакалі прыняцця Пана Езуса ў сваё сэрца.
Урачыстую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі. У гаміліі святар заахвоціў дзяцей часта прымаць Езуса ў святой Камуніі, якая з’яўляецца пасілкам на жыццё вечнае. Звяртаючы каштоўныя парады да бацькоў, святар заклікаў іх клапаціцца праз хрысціянскі прыклад жыцця і добрае слова пра дасягненне неба для сваіх дзяцей, якіх яны вельмі любяць.
На заканчэнне дзеці падзякавалі катэхетцы і пробашчу за падрыхтоўку іх да Першай Камуніі. Словы ўдзячнасці яны выказалі таксама сваім бацькам, якія, будучы першымі настаўнікамі веры, дапамагалі ім паглыбляць кантакт з Богам праз асабістую малітву і ўласны прыклад хрысціянскага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Віталій Спірыдон