1 жніўня 1943 г. манахіні Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка. З гэтай нагоды 31 ліпеня ў лесе адбылася святая Імша.
Група моладзі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі колькасцю 16 чалавек на чале са сваім пробашчам ксяндзом Янам Гавецкім вырушыла на роварах да месца, дзе загінулі сёстры, апоўдні. Падчас пілігрымавання ўдзельнікі маліліся ў інтэнцыі маладых людзей Іўеўшчыны. Пілігрымы праехалі больш за 40 кіламетраў, правёўшы ў дарозе каля шасці гадзін.
На пачатку Эўхарыстыі прысутных прывітаў дэкан Навагрудскага дэканату ксёндз Ян Балтрукевіч.
У сваім слове ён узгадаў, як у 2000 годзе, калі Ян Павел ІІ беатыфікаваў сясцёр, ён адзін з першых цэлебраваў на гэтым месцы святую Імшу з удзелам іўеўскай моладзі. На той час ксёндз Балтрукевіч быў вікарыем у Іўі.
Раман Ярмош