Skip to main content

У Гродзенскай дыяцэзіі чатыры новыя дыяканы

diakony 64

6 снежня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя чацвёра студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прынялі дыяканскае пасвячэнне.

Таксама ў гэты дзень адзначалася 320-годдзе з часу асвячэння гродзенскай катэдры.

Дыяканамі сталі Максім Ваўчок, які паходзіць з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, Дзмітрый Роўны з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат), Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан, якія паходзяць з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод шматлікіх святароў, якія канцэлебравалі ўрачыстую Імшу, быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, прысутнічала вялікая колькасць вернікаў розных парафій, уключаючы тыя, з якіх паходзяць новыя дыяканы.

У пачатку літургіі біскуп Уладзімір назваў гэты дзень выключным для Касцёла, асабліва Касцёла на Гродзеншчыне, і заахвоціў маліцца за новых дыяканаў.

diakony 9

Рэктар гродзенскай семінарыі кс. Ян Раманоўскі звярнуўся да біскупа з традыцыйным зваротам, у якім заключалася просьба ўдзяліць выпускнікам гэтай навучальнай установы пасвячэнне.

Кажучы пра юбілей, які ў гэты дзень адзначала катэдра, біскуп Гродзенскі ў гаміліі прызнаўся: “Кожны раз, калі я ўваходжу ў нашу базыліку, мне здаецца, што яна дыхае – дыхае малітвамі тых, хто прыходзіў сюды сто, дзвесце, трыста гадоў таму; надзеяй тых, хто шукаў Бога ў моманты болю; удзячнасцю тых, хто тут плакаў, спавядаўся, пачынаў новае жыццё. Сёння яна дыхае радасцю – бо Бог уводзіць у сваю вялікую гісторыю служэння чатырох маладых людзей”.

Разважаючы пра дыяканскае служэнне, іерарх адзначыў, што “Бог не патрабуе дасканаласці – Ён шукае адкрытае сэрца”, “далучае да служэння не найбольш магутных, а тых, хто, як Саламон, умее кленчыць, слухаць, пакорна прасіць ласкі”. “Служэнне пачынаецца не з нашай сілы – яно пачынаецца з нашай патрэбы ў Богу.

Бог можа жыць толькі там, дзе Яго чакаюць. Толькі там, дзе чалавек адкрывае Яму сэрца. Толькі там, дзе чалавек усвядоміў: я – малы, Бог – вялікі, але гэта не перашкаджае Яму любіць мяне”, – сказаў біскуп.

Іерарх прапанаваў задумацца над тым, як Бог глядзіць на чалавека: “Мы часта бачым нашы недасканаласці, слабасці, страхі. А Бог бачыць храм. Бачыць прыгажосць. Бачыць тое, што мы можам стаць домам Яго любові. Дзяцей Божых нельга выхаваць страхам, іх выхоўвае любоў”. “Бог кліча вас у служэнне не для таго, каб напалохаць ці прымусіць, а таму, што ведае: у вашых сэрцах ёсць месца для Яго, – сказаў біскуп новым дыяканам. – Сённяшні свет часта разбурае ў чалавеку святыню сэрца: шум, страх, ілюзіі поспеху, спакусы, фальшывая свабода. Дыякан – гэта чалавек, які ахоўвае святыню: словамі праўды, святасцю жыцця, вернасцю служэнню”.

Па словах біскупа, у пытанні Езуса Хрыста, зададзеным апосталу Пятру: “А ты кім лічыш Мяне?”, заключаецца сутнасць паклікання. Біскуп звярнуў увагу, што Езус не пытаецца: “Што ты думаеш пра Касцёл?”, “Ці здольны ты да служэння?”, “Ці дастаткова ты адукаваны?” – бо “пакліканне пачынаецца не са страху, абавязку або закона, а з сяброўства”. “Калі Хрыстус не ваш сябар, калі вы не адчуваеце Яго блізкасці, не давяраеце Яму свайго жыцця – тады служэнне будзе цяжарам. Такі дыякан не зможа несці Касцёлу святло. Але калі вы, як Пётр, можаце сказаць: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога” – тады ўсё набывае сэнс. Бо служэнне – гэта не праца; гэта адказ на любоў”, – падкрэсліў іерарх.

diakony 25

Кажучы пра 320-годдзе з часу асвячэння катэдры, ён заўважыў: “Гэтая святыня памятае розныя гістарычныя этапы, пераследы савецкага часу, хвалі атэізму і ідэалагічнага ціску, але таксама адвагу святароў, якія, негледзячы на небяспекі, хрысцілі, спавядалі, падтрымлівалі веру людзей. Але найважнейшае – што на працягу стагоддзяў у гэтай святыні вучыліся служыць. Святары станавіліся тут слугамі Божага народу”. У сувязі з гэтым біскуп заклікаў новых дыяканаў “не баяцца быць маленькімі: менавіта маленькія людзі змяняюць гісторыю, бо Бог не шукае вялікіх – Ён робіць вялікімі тых, хто дае Яму сваё маленькае сэрца”. Іерарх нагадаў, што дыяканскае пасвячэнне – “не крок да кар’еры, не знак павагі, а пасвячэнне ў служэнне”.

Біскуп звярнуў увагу на тры вымярэнні служэння дыякана: гэта служыцель Божага слова (“гэта значыць кожны дзень карміць розум Святым Пісаннем, вучыцца слухаць Бога ў цішыні, перадаваць іншым не свае эмоцыі, а Божую праўду”), служыцель літургіі (“дыякан павінен памятаць: Эўхарыстыя – не спектакль і не рытуал, гэта прысутнасць Жывога Бога, і дыякан павінен дапамагчы вернікам адкрыць гэтую прысутнасць”), служыцель бедных і слабых (“свет сёння багаты тэхналогіямі, але бедны спачуваннем; ёсць людзі адзінокія, разгубленыя, залежныя, зламаныя грахом, пакінутыя – і дыякан павінен быць тым, хто слухае, суправаджае, суцяшае, абараняе, накіроўвае”).

Біскуп папрасіў новых дыяканаў захоўваць у сваім жыцці звычай малітвы (“падзенні святароў, крызісы пакліканняў амаль заўсёды пачынаюцца з таго, што чалавек перастае маліцца; будзьце людзьмі, якія не баяцца цішыні, бо ў цішыні гучыць голас Бога”), быць чыстымі ў сэрцы (“ваша сведчанне мае сілу толькі тады, калі вы жывяце праўдай; свет сёння лёгка бачыць фальш”), служыць з пакорай (“пакора – здольнасць ставіць Божую волю вышэй за сваю”), быць блізкімі да людзей (“не баяцца іх болю, не закрывацца, слухаць, суправаджаць”), ахоўваць адзін аднаго (“падтрымліваць, не крытыкаваць, не канкураваць”).

diakony 41

Выказваючы падзяку бацькам новых дыяканаў, біскуп яшчэ раз нагадаў, што “пакліканне нараджаецца ў доме, у сям’і, у атмасферы любові, даверу і веры”. “Можа, вы не заўсёды разумелі дарогу вашых сыноў; можа, у вашых сэрцах былі пытанні, страхі, хваляванні; але сёння Бог гаворыць вам: “Дзякуй, што аддалі Мне тое, што было для вас найдаражэйшым”, – дадаў іерарх.

У канцы літургіі дыякан Аляксей Ціхан ад імя ўсіх чатырох пасвячаных выказаў удзячнасць Богу за тое, што “выбраў іх для гэтай важнай і адказнай місіі ў Касцёле”, усім, хто “прычыніўся да іх фармацыі, узрастання ў веры і любові да Бога і чалавека”, а таксама біскупу, кіраўніцтву семінарыі, родным.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі