19 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход).
Падчас урачыстай Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей. Большасць з іх у хуткім часе выездзе на вучобу, таму перад гэтым шляхам яны былі ўмацаваны сямю дарамі Духа Святога, каб мужна вызнаваць сваю веру, бараніць яе і паступаць паводле яе прынцыпаў.
З-за эпідэміі каранавірусу ўрачыстасць адбылася з захаваннем усіх сродкаў бяспекі, а да ўдзелу ў Імшы былі запрошаны толькі сведкі канфірмацыі і бацькі кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі кс. Павел Урбан, які звярнуўся да іерарха з просьбай аб удзяленні сакрамэнту, запэўніўшы, што ўсе кандыдаты падрыхтаваліся да канфірмацыі, удзельнічалі на працягу некалькі дзён у слуханні Божага слова і супольнай малітве і прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі. Іерарх адзначыў, што ён мацней яднае нас з Хрыстом, памнажае дары Духа Святога і ўдасканальвае нашу сувязь з Касцёлам.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што гэты сакрамэнт удзяляе людзям, як сапраўдным сведкам Хрыста, асаблівую моц Духа Святога, каб пашыраць і бараніць веру словам і ўчынкам, мужна вызнаваць імя Езуса і ніколі не саромецца Крыжа.
Звяртаючыся да маладых людзей, якія прымалі ў гэты дзень сакрамэнт, біскуп папрасіў іх быць праўдзівымі сведкамі Езуса ў сваім асяроддзі, а асабліва ў месцах, дзе яны ў хуткім часе будуць вучыцца. Іерарх падкрэсліў, што маладым людзям належыць час і ад іх залежыць будучыня нашага Касцёла і краіны, у якой мы з ласкі Бога жывем.
На заканчэнне Імшы біскуп выказаў удзячнасць найперш бацькам маладых людзей за рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, а таксама катэхетам, якія рыхтавалі іх да гэтай падзеі. Затым ён удзяліў пастырскае благаслаўленне ўсім прысутным, каб быць сведкамі Хрыста і Яго Евангелля.
Кс. Юрый Марціновіч