30 мая, у чарговую гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію ў Парэччы, дзе перад абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі дзякаваў за ўсе атрыманыя дары і ласкі.
Іерарх узначаліў у святыні Імшу падзякі за ўсе гады святарскага служэння і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на шляху яго жыцця.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне агарнуў малітвай усіх сваіх выкладчыкаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе і духоўных асобаў, якія адыгралі ключавую ролю ў яго жыцці і паўплывалі на яго рашэнне стаць святаром.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў катэдральным касцёле ў Панявежысе (Літва) 30 мая 1976 г. Пасвячэнне ўдзяліў біскуп Рамуальд Крышчунас.
У 1976-1981 гг. быў вікарыем катэдральнай парафіі, дзе прыняў пасвячэнне. Затым у 1981-1991 гг. быў пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні.
13 красавіка 1991 г. быў прызначаны першым біскупам заснаванай Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч