Skip to main content

Інфармацыя пра святкаванне сёлетняй урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Працэсіі адменены

bozecialoБіскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у спецыяльным паведамленні, скіраваным да святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, паведаміў пра святкаванне сёлетняй урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

У гэтым годзе ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу COVID-19, у адпаведнасці з рашэннем, прынятым на 78-м Надзвычайным пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (25.05.2020 г.), біскуп Гродзенскі распарадзіўся адмяніць традыцыйныя працэсіі Божага Цела вуліцамі розных населеных пунктаў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Працэсіі Божага Цела ў парафіях могуць праходзіць на прыкасцёльнай тэрыторыі, якая непасрэдна прылягае да святыні, з захаваннем эпідэміялагічных норм бяспекі, або, згодна з разважлівым меркаваннем пробашчаў, гэтыя працэсіі могуць быць заменены выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнай адарацыяй.

Біскуп Кашкевіч просіць пробашчаў, каб яны, прымаючы рашэнне аб форме святкавання ў парафіях урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, кіраваліся разважлівасцю, беручы пад увагу найперш здароўе і бяспеку вернікаў.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Божае Цела, працэсія, паведамленне, эпідэмія, Гродзенская дыяцэзія, біскуп Кашкевіч