Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч заклікае вернікаў дыяцэзіі 14 мая далучыцца да абвешчанага Папам Францішкам дня малітвы і посту ў інтэнцыі спынення пандэміі.
Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча пра дзень малітвы і посту аб спыненні пандэміі каранавірусу
У сувязі з пандэміяй каранавірусу Святы Айцец Францішак звярнуўся да вернікаў Каталіцкага Касцёла з просьбай аб удзеле ў міжрэлігійным дні малітвы і посту дзеля спынення эпідэміі і пераадолення яе наступстваў. Днём малітвы і посту прызначаны чацвер 14 мая гэтага года.
Адказваючы на просьбу Святога Айца, Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне аб далучэнні да гэтай каштоўнай ініцыятывы.
У сувязі з вышэйсказаным звяртаюся да святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з просьбай аб перажыванні дня 14 мая гэтага года – у лучнасці з людзьмі добрай волі ва ўсім свеце – у духу малітвы і посту, а таксама для здзяйснення ў гэты дзень справаў міласэрнасці ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу і пераадолення яе санітарных, эканамічных і гуманітарных наступстваў.
Шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій заахвочваю публічна прамовіць 14 мая – напрыклад, у межах маёвага набажэнства або ў іншы адпаведны час – далучаныя малітвы з гэтай нагоды, а таксама прашу скіраваць вернікам словы заахвочвання да ўдзелу ў гэтай сусветнай міжрэлігійнай ініцыятыве праз асабістую малітву, пост і здзяйсненне справаў міласэрнасці.
На плённае перажыванне міжрэлігійнага дня малітвы і посту ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 08.05.2020
№ 178/20
P.S. Шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі прашу прачытаць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 10 мая 2020 г. падчас кожнай святой Імшы ў межах парафіяльных аб’яваў.
Малітвы, якія можна выкарыстаць падчас набажэнства
Малітвы на польскай мове, якія можна выкарыстаць падчас набажэнства