У час сусветнай пандэміі, звязанай з распаўсюджваннем COVID-19, Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі працягвае працаваць і скіроўвае свае намаганні на падтрымку патрабуючых людзей супраць хваробы.
Трэба зазначыць, што мэты, якія стаялі перад камандай у звычайным рэжыме працы, застаюцца актуальнымі і важкімі на сённяшні час. Рэлігійная місія працягвае аказваць падтрымку састарэлым і адзінокім людзям у сельскай мясцовасці, прывозіць пасылкі з харчаваннем, адзеннем, неабходнымі медыцынскімі рэчамі. У сталовай для бяздомных і бедных выдаюць гарачыя абеды, падтрымліваюць мясцовых жыхароў.
Таксама было прынята рашэнне далучыцца да пашыву ахоўных масак для твару, якія зараз вельмі актыўна выкарыстоўваюцца насельніцтвам як сродак бяспекі. Паколькі ў каталіцкім таварыстве няма спецыялістаў, якія валодаюць навыкамі пашыву, да супрацоўніцтва была запрошана прафесіянал сваёй справы Алена Ясюкевіч, якая з’яўляецца дырэктарам уласнага атэлье “Майстар моды” ў Гродне.
Больш за 15 гадоў таленавітая жанчына стварае аўтарскія мадэльныя вобразы для паспяховых людзей.
Алена адразу адгукнулася на прапанову далучыцца да дабрачыннай акцыі і за пару дзён карпатлівай працы нашыла звыш 150 павязак для твару. Праца па пашыве будзе працягвацца, гатовыя маскі будуць раздадзены бедным і бяздомным, якія наведваюць сталовую, валанцёрам, што там працуюць. Наступная партыя масак будзе перададзена медыцынскім работнікам.
Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі заклікае ўсіх неабыякавых прыняць удзел у дабрачыннай акцыі і далучыцца да збору сродкаў на дапамогу хворым і бедным людзям, якія ў гэты нялёгкі час сапраўды застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.
Можна патэлефанаваць на дабрачынную лінію на нумар 89 02 214 2222 (кошт званка – 3 беларускія рублі) або пералічыць ахвяраванне на рахунак банка:
УНП 500160938
у беларускіх рублях: BY81PJCB30156031891000000933
код банка PJCBBY2X ОАО «Приорбанк» ЦБУ 600 г. Гродно
Наталля Вішнеўская