Вечарам у Вялікую суботу, 11 красавіка, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Узначаліў яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Багатая літургія Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца цэнтральным фрагментам Пасхальнага Трыдууму, складалася з чатырох частак: літургіі Святла, літургіі слова, літургіі хросту і Эўхарыстычнай літургіі.
Згодна з традыцыяй, літургія пачалася з абраду святла. Найперш быў асвячаны агонь, ад якога потым быў запалены пасхал – сімвал Хрыста Уваскрослага, – які затым урачыста ўнеслі ў святыню. Такім чынам падкрэслівалася, што з уваскрасеннем Хрыста ў свет прыходзіць новае святло, пачынаецца дзень, які не будзе мець канца.
Іерарх благаславіў хрысцільную ваду, а ўдзельнікі літургіі аднавілі абяцанні хросту: вызналі сваю веру і выракліся шатана.
У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што ў Хрысце здзяйсняецца наша Пасха: мы пераходзім са смерці да жыцця, са змроку граху да святла ласкі, са смутку і трывогі да бясконцай радасці, асновай і крыніцай якой з’яўляецца вера ва Уваскрослага.
Іерарх адзначыў, што таямніцу ўваскрасення Хрыста нельга зразумець без веры. “Наш чалавечы розум, калі не будзе асвячаны верай, перад пасхальнай таямніцай будзе проста бездапаможным”, – сказаў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што, уваскросшы, Пан Езус перамог смерць і перайшоў да паўнаты жыцця, да сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца.
“Няма ўваскрасення без адкуплення, няма адкуплення без крыжа”, – заўважыў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што “вера ва ўваскрасенне Хрыста дазваляе нам адарваць погляд ад таго, што прыземленае і часовае, запрашае, каб мы сэрцам і думкай узняліся ўгору, убачылі іншыя, шырэйшыя гарызонты – не тыя, абмежаваныя чалавечымі магчымасцямі і законамі прыроды, да якіх мы так прызвычаіліся, а накрэсленыя Уваскрослым Панам, звязаныя з небам і вечнасцю”.
Біскуп адзначыў, што пасхальная таямніца Сына Божага, Яго перамога над грахом і смерцю нясе ўсяму чалавецтву новую надзею. І, як падкрэсліў ён, гэтая надзея вельмі патрэбная сучаснаму свету, пагружанаму ў страх, ва ўласную бездапаможнасць і безабароннасць, у няўпэўненасць наконт таго, што прынясе заўтрашні дзень з прычыны эпідэміі каранавірусу.
Таму ў вігілію Вялікай ночы Уваскрасення Езуса Хрыста біскуп пажадаў кожнаму, сабе і ўсяму свету адкрыць нанова надзею, якую нясе наш Збаўца.
Вянцом Пасхальнай вігіліі была Эўхарыстычная літургія разам са святой Камуніяй, якая завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем і словамі рассылання, узбагачанымі двухразовым радасным “Аллелюя”.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч