Дарагія чытачы, i зноў, у чарговы раз пасля саракадзённага часу велікапоснага пакаяння, мы чуем радаснае “Аллелюя”! Праўда, сёлетняя радасць крыху адрозніваецца ад той, якую мы мелі ў мінулыя гады. Увесь свет вядзе барацьбу з пандэміяй каранавірусу, якая агарнула ў тым ліку і нашу краіну.
Aле, нягледзячы на гэты страх і няўпэўненасць, перад намі стаіць Хрыстус Пан, які выходзіць з магілы як наш Пераможца смерці, пекла і шатана.
Уваскрослы прыносіць нам надзею. Ён дае нам сілы, каб мы маглі служыць нашым сёстрам і братам.
Гэтая сіла патрэбна ўсім нам, каб мы перад абліччам няўпэўненасці і пагрозы захавалі цярплівасць і былі людзьмі надзеі. Каб мы не распальвалі страх і паніку, а вылучаліся адказнасцю за сябе і нашых бліжніх.
Дарагія чытачы!
Дзякуючы вам за тое, што вы заўсёды з намі, што сочыце за падзеямі ў нашым мясцовым Касцёле, у краіне і свеце, ад усяго сэрца жадаю выказаць вам віншаванні.
Няхай Уваскрослы Пан умацоўвае ў вас веру і ўпэўненасць у любові Бога. Няхай напаўняе штодзённасць дабром, а сэрцы супакоем.
Няхай дае сілы для таго, каб быць Яго адважнымі сведкамі.
На гэты, нягледзячы на ўсё, радасны час, напоўнены спевам велікоднага “Aллелюя”, ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі жадаю бязмежнай радасці, якая паходзіць з сустрэчы з Панам!
Вясёлых святаў Уваскрасення Пана! Аллелюя!
З дарам малітвы,
кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі