Skip to main content

Вернікі і духавенства развіталіся са спачылым кс. канонікам Алегам Дулем у Ваўкавыску

ks dul 796 красавіка ў касцёле св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбылося пахаванне кс. каноніка Алега Дуля, які апошнія 13 гадоў быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці і дэканам Ваўкавыскага дэканату.

У святыні, якая была пабудавана дзякуючы старанням спачылага, сабраліся шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі, якім з вялікай адданасцю служыў кс. Алег.

Эўхарыстыю ў інтэнцыі неспадзявана памерлага святара ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На пачатку Імшы біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што ксёндз Алег адышоў, мяркуючы па-чалавечы, заўчасна, бо пражыў няпоўныя 47 гадоў. Аднак, заўважыў іерарх, за свае больш чым 20 гадоў святарскага служэння Касцёлу на Гродзеншчыне ён зрабіў вельмі шмат. У сэрцах вернікаў ён застанецца як будаўнік святыні і кіраўнік шматлікіх пілігрымак па святых месцах усёй Еўропы.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў спачыламу за тое, што ён умеў цешыцца дарам святарства, якое атрымаў ад Езуса Хрыста, Найвышэйшага Святара.

ks dul 51

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што смерць святара з’яўляецца для ўсіх урокам і напамінам, што няўхільнае расстанне з гэтым светам, а таксама напамінам пра канчатковае прызначэнне чалавека.

Іерарх дадаў, што кс. Алег з адвагай прымаў заданні, даручаныя яму Касцёлам, і заўсёды ішоў наперад, не зважаючы на розныя перашкоды, і, што найважнейшае, – дасягаў поспеху.

Вернікі, што знаходзяцца ў жалобе пасля страты свайго душпастыра, у гэты дзень не хавалі слёз узрушэння і болю. Гэта быў адзіны святар, які служыў у іх парафіі. Ён яднаў іх з Богам, указваў шлях, удзяляў святыя сакрамэнты, абвяшчаў Божае слова. Таму гэтая неспадзяваная смерць была для іх вялікім ударам.

Вернікі перажывалі ў сваёй парафіі велікапосныя рэкалекцыі. У пятніцу 3 красавіка, удзельнічаючы ў набажэнстве Крыжовага шляху, яны нават не ведалі, што ў гэты час у плябаніі паміраў іх святар і душпастыр, які служыў ім усім сваім сэрцам. У душы вернікаў назаўсёды застануцца словы, якія ён вельмі часта, калі парафіяне звярталіся да яго са сваімі праблемамі, паўтараў: “Усё будзе добра”.

Сёлетнія рэкалекцыі для вернікаў гэтай асірацелай парафіі надоўга застануцца ў яе гісторыі, іх будуць памятаць доўгія гады, а можа, нават распавядаць пра іх з пакалення ў пакаленне, бо падчас іх яны страцілі свайго пробашча, які вёў іх да Пана.

Ксёндз Алег Дуль быў пахаваны ля касцёла. Ён застанецца пры той святыні, якую з вялікай руплівасцю ўзводзіў для Пана, каб вернікі мелі свой малітоўны дом.

Парафіяне глыбока вераць, што іх святар будзе дапамагаць ім цяпер з неба. А яны, ідучы ў святыню, будуць спыняцца ля яго магілы, узносіць за яго малітвы і дзякаваць за кожнае дабро, якое атрымалі праз яго адданае служэнне.

Ксёндз канонік Алег Дуль нарадзіўся ў 1973 г. у в. Падгалішкі, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат).

У 1997 г. скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, 16 кастрычніка 1999 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.

З 1999 па 2000 гг. служыў вікарыем у сваёй роднай парафіі ў Забалаці, адначасова абслугоўваў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, Божай Міласэрнасці ў Доцішках і св. Юрыя ў Асаве.

З 2000 г. распачаў служэнне ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы.

З 2007 года быў пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі і дэканам Ваўкавыскага дэканату.

Памёр 3 красавіка 2020 г. у Ваўкавыску, на наступны дзень пасля смерці свайго бацькі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Віталій Гурэц

 

вечны супакой, біскуп Станеўскі, біскуп Кашкевіч