27-28 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB праводзіў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Вернікі сабраліся на малітве, каб праз удзел у Эўхарыстыі, сакрамэнт пакаяння і паяднання і слуханне Божага слова падрыхтаваць свае сэрцы да блізкіх святаў Уваскрасення Пана.
Духоўныя практыкаванні сталі для парафіян часам навяртання да Пана, які дае чалавеку сваю ласку і вяртае годнасць Божага дзіцяці.
У межах прабывання ў гэтай парафіі біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці наведаў Іўеўскі музей нацыянальных культур, дзе пазнаёміўся са спецыфікай гэтай зямлі.
Іўе з’яўляецца сапраўды ўнікальным у нашай краіне, бо менавіта там ужо шмат гадоў пераплятаюцца культуры габрэяў, беларусаў, татараў, палякаў, i, што вельмі цікава і варта ўвагі, усе яны жывуць у згодзе.
Кс. Юрый Марціновіч