27 сакавіка ў двары ватыканскай базылікі святога Пятра адбылася адмысловая малітва аб выбаўленні свету ад каранавірусу, на заканчэнне якой Папа Францішак удзяліў надзвычайнае благаслаўленне Urbi et Orbi (“Гораду і свету”), спалучанае з магчымасцю атрымаць поўны адпуст.
Дзякуючы прамой трансляцыі па тэлебачанні і анлайн да ўдзелу ў набажэнстве маглі далучыцца ўсе жадаючыя вернікі і людзі добрай волі.
Набажэнства было ўзрушаючым. Папа адзін пайшоў у струменях дажджу да месца малітвы. Пры ўваходзе ў базыліку былі змешчаны дзве вялікія хрысціянскія рэліквіі: цудадзейны крыж з касцёла Сан-Марчэлло-аль-Корса, які спыніў эпідэмію “Вялікай чумы” ў Рыме ў 1522 г., і старажытны цудатворны абраз Маці Божай Снежнай Salus Populi Romani з базылікі Маці Божай Вялікай.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас малітвы быў зачытаны евангельскі ўрывак пра суцішэнне буры (Мк 4, 35-41). Каментуючы яго, Святы Айцец заўважыў, што ў гэтай сцэне сёння мы можам лёгка пазнаць сябе.
“Як апосталаў з Евангелля, нас застала неспадзеўкі нечаканая, раз’юшаная бура. Мы ўсвядомілі, што знаходзімся ў адной лодцы, усе ўразлівыя і дэзарыентаваныя, але адначасова важныя і патрэбныя, пакліканыя веславаць разам, патрабуючыя ўзаемнага суцяшэння”, – сказаў Пантыфік.
Аднак чаму Езус працягваў спакойна спаць на карме – “на той частцы лодкі, якая тоне першай”? У чым недахоп веры Хрыстовых вучняў? У тым, перакананы Папа, што яны вырашылі, нібы Езус абыякавы да іх. Іх зварот – “Не хвалюе Цябе, што мы гінем?” (Мк 4, 38) – узрушыў Хрыста, “бо ні для каго мы не з’яўляемся настолькі важнымі, як для Яго”.
“Бура выкрывае нашую ўразлівасць і выяўляе тую ілжывую і павярхоўную ўпэўненасць, з якой мы пабудавалі нашыя справы, нашыя праекты, нашыя звычкі і прыярытэты. Яна дэманструе, што мы дазволілі сабе заснуць і пакінуць тое, што нас жывіць, падтрымлівае і дае моц нашаму жыццю і нашай супольнасці”, – адзначыў Папа.
“З бурай выкрыўся падман тых стэрэатыпаў, якімі мы, заўсёды занепакоеныя ўласным выглядам, прыкрывалі нашае “эга”; і адкрылася, у чарговы раз, тая (благаслаўлёная) агульная прыналежнасць, якой не можам пазбавіцца: братняя прыналежнасць”, – дадаў Святы Айцец.
“Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?” Пане, Тваё Слова сёння кранае нас і датычыць нас усіх. У гэтым свеце, які Ты любіш больш за нас, мы пайшлі наперад на ўсёй хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі ва ўсім. Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб спешка звяла нас. Мы не спыніліся перад Тваімі заклікамі, не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што застанёмся заўсёды здаровымі ў хворым свеце. Цяпер, апынуўшыся ў бурным моры, заклікаем Цябе: “Абудзіся, Пане!”” – сказаў Пантыфік.
Ён заўважыў, што менавіта ў часы выпрабаванняў выяўляецца ўзровень развіцця народаў, і выказаў захапленне ўсімі тымі людзьмі, якія штодня жывуць цярплівасцю і надзеяй, заклікаючы да ўзаемнай адказнасці.
Пры гэтым Папа заахвоціў усіх запрасіць Езуса ў сваё жыццё, бо “з Богам жыццё ніколі не памірае”. Святы Айцец запэўніў, што ў Богу маем якар, штурвал і надзею. “Абняць Яго крыж – значыць, знайсці мужнасць, каб ахапіць усе супярэчнасці цяперашняга часу, на пэўны момант пакінуўшы нашую заклапочанасць усемагутнасцю і валоданнем, каб даць месца крэатыўнасці, якую толькі Дух Святы можа выклікаць. Гэта значыць знайсці мужнасць, каб адкрыць прасторы, дзе ўсе змогуць адчуць сябе пакліканымі і зрабіць магчымымі новыя формы гасціннасці, братэрства і салідарнасці”, – дадаў Святы Айцец.
Праз заступніцтва Марыі ён даручыў усіх людзей Богу, просячы аб здароўі цела і суцяшэнні сэрца: (Мц 28, 5). А мы, разам з Пятром, усялякі свой клопат ускладзём на Цябе, бо Ты клапоцішся пра нас (пар. 1 П 5, 7)”.
На заканчэнне набажэнства Папа ўдзяліў надзвычайнае благаслаўленне Urbi et orbi з магчымасцю атрымання поўнага адпусту.