24 сакавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. прэлата Вацлава Паплаўскага.
Святар, які адышоў у вечнасць ва ўзросце 80 гадоў ва ўрачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, служыў у Казахстане. Апошнія гады жыцця ён быў вікарыем парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Нур-Султане.
Ён рыхтаваўся да святарства і праходзіў фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Таму на малітве ў яго інтэнцыі сабраліся святары-аднакурснікі, якія сёння служаць на тэрыторыі нашай краіны.
Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падкрэсліў, што гэты святар, які паступіў у семінарыю ва ўзросце 52 гадоў, разам з іншымі семінарыстамі часта прыходзіў на малітву ў гродзенскую катэдру.
Гамілію прамовіў кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, аднакурснік памерлага, засяродзіўшы ў ёй увагу на яго жыцці. Святар адзначыў, што кс. Паплаўскі нарадзіўся на сённяшняй тэрыторыі Украіны ў вёсцы Палянкі ў 1939 г. Таму ў сваіх успамінах ён вельмі часта падкрэсліваў, што важна, каб не згасала памяць аб продках, бо потым сам усё жыццё быў звязаны з Казахстанам.
Па словах кс. Паўлюкевіча, спачылы быў святаром з асаблівым лёсам. Ён быў сведкам розных часоў для Касцёла ў Казахстане – часоў пераследу і адраджэння. Ён ведаў тых святароў, сясцёр законных і вернікаў, дзякуючы якім удалося захаваць магчымасць маліцца падчас камуністычнага рэжыму. Сам ён быў адным з гэтых людзей і стаў сведкам аднаўлення Каталіцкага Касцёла на прасторах сённяшняга Казахстана.
Ксёндз Паплаўскі напісаў вельмі важную для Касцёла ў Казахстане працу пад назвай “Зямныя дзесяцігоддзі”, якая выйшла ў 2015 г.
На заканчэнне Імшы ўсе прысутныя памаліліся “Анёл Панскі” ў інтэнці памерлага. Яны прасілі, каб пасля цяжару зямнога жыцця, якое ў апошнія яго гады было пазначана вялікім цярпеннем і хваробай, ён мог дасягнуць жыцця вечнага і цешыцца прабываннем з Богам.
Кс. Юрый Марціновіч