У апошнія выходныя ў кляштары Kангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для жанчын. На духоўныя практыкаванні прыбылі да назарэтанак 22 удзельніцы з Гродна, Навагрудка, Глыбокага і Мінска.
У праграме былі святыя Імшы, начная адарацыя, Крыжовы шлях, канферэнцыі, разважанні над Божым словам, маўчанне.
Канферэнцыі, якія канцэнтраваліся на тэме сустрэчы “Народжана быць прыгожай”, праводзілі пробашч парафіі св. Юзафа Рамесніка і бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка ў Лідзе кс. Віталій Сідорка і адказная за сем’і Асацыяцыі Святой Сям’і пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак с. Марыяна Алешчык CSFN.
Удзельніцы сустрэчы падкрэсліваюць, што вялікім перажываннем стаў для іх час, праведзены ў поўным маўчанні. У гэтым маўчанні яны мелі магчымасць многае спазнаць, асабліва сябе, свае адносіны з Панам.
“У гэтым маўчанні, у начной адарацыі я ўсвядоміла, што створана Панам менавіта такой, можа, у чымсьці не ідэальная, але Айцец любіць мяне і стварыў на свой вобраз. Я разумею, што гэта ведала заўсёды, але ў гэтым святым месцы я вельмі моцна гэта адчула, і немалую ролю адыграў ліст Любячага Айца асабіста да мяне. Часам гэтага вельмі не хапае – пачуць, што Пан любіць мяне такой, якая я ёсць, і што ў любых абставінах я магу даверыць Яму ўсё, Ён заўсёды чуе і не перастане любіць мяне”, – адзначае адна з удзельніц.
У ціхай малітве сабраныя дзякавалі Богу за тое, што стварыў кожную з іх менавіта жанчынай, благаславіў стаць жонкай і маці, і за велізарную ласку веры, дзякуючы якой яны зараз маюць усё, што Бог ім даверыў у сваёй бязмежнай любові.
Іншая з удзельніц падкрэслівае, што заўсёды пасля такіх рэкалекцый адкрывае шмат для сябе, заўсёды вяртаецца дадому з пэўным настаўленнем. Падчас гэтых духоўных практыкаванняў яна дасканала зразумела, якую ролю кожная жанчына павінна адыгрываць у грамадстве і свеце. “Мне здаецца, што асабліва важна для любога чалавека – быць зразуметым. І менавіта ў кляштары складваюцца ўсе ўмовы, каб быць зразуметым, зразумець... І многае прабачыць, адпусціць і перадумаць”, – дадае жанчына.
Усе ўдзельніцы сустрэчы ўдзячныя сёстрам назарэтанкам за арганізацыю гэтых рэкалекцый і аднагалосна кажуць, што “Назарэт – гэта нешта неапiсальнае i вельмi глыбокае, асабiстае i сямейнае”.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Марыяна Алешчык CSFN