21-23 лютага ў кляштары айцоў піяраў у Шчучыне адбыліся рэкалекцыі для мужчын. Духоўныя практыкаванні праводзіліся для мужчын, зацікаўленых у духоўным развіцці, у пазнаванні Бога і жаданні зразумець, кім з’яўляецца мужчына і якое яго сапраўднае прызначэнне ў Божай задуме.
Як паведамляе msj.by, арганізатарам мерапрыемства выступіў рух “Мужчыны святога Юзафа” г. Гродна. Праводзіў канферэнцыі, цэлебраваў літургію і ўдзяляў сакрамэнт пакаяння айцец марыянін Аляксандр Жарнасек, які ўжо многія гады акрамя правядзення ў парафіях евангелізацыйных канферэнцый, курсаў і семінараў таксама займаецца турэмным служэннем для вязняў у турме ў Оршы.
Гэтыя дні былі вельмі інтэнсіўнымі, часу на расслабленне не было: штодзённая малітва, разважанні над урыўкамі з Пісання, якія рэкамендаваў а. Аляксандр, канферэнцыі, адарацыя, размовы, прагляд фільма і п’есы.
Тэматыка канферэнцый канцэнтравалася на Бібліі і тым, што яна кажа пра мужчын. Айцец Аляксандр супастаўляў вучэнне Хрыста і мысленне чалавека, яго прыроду і характар. Гаварылася пра тое, як адрозніваецца мысленне мужчыны і жанчыны, якія ян маюць погляды на адны і тыя ж сітуацыі, як рэагуюць на тыя ці іншыя сітуацыі ў жыцці. Гэта прымушала паглядзець на многія моманты ў адносінах са сваімі жонкамі абсалютна іншымі вачыма. Такі падыход дае адказ на тое, чаму мы часам не можам зразумець свайго партнёра. Гэта нялёгка, але надзвычай важна пазнаваць адно аднаго, каб канфлікты не здараліся ў сем’ях.
Падчас канферэнцый уздымалася і шмат іншых тэм, і не толькі звязаных з адносінамі мужчыны і жанчыны. Але асновай было тое, што для пачатку мужчына павінен зразумець, які ён сам. А для гэтага павінны быць адносіны з Богам, бо толькі Ён можа раскрыць усе каштоўнасці, таленты і дары мужчынскай асобы. Варта толькі гэтага захацець і стаць у праўдзе перад Нябесным Айцом, зняўшы ўсе свае маскі.