Сутнасць фармацыі да святарства заключаецца ў пастаянным “знаходжанні ў шляху”. На гэтым шляху ёсць некалькі этапаў. Кожны з іх – гэта глыбокі вопыт навучэнца семінарыі, паколькі набліжае яго да святарства. Менавіта такі вопыт перажылі некалькі семінарыстаў 1 сакавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў паслугу лектарату навучэнцу ІІІ курса, а двух навучэнцаў V курса ўстанавіў кандыдатамі да прыняцця дыяканскага і прэзбітэрскага пасвячэнняў.
Удзяленне паслугі і ўстанаўленне кандыдатаў адбылося падчас святой Імшы ў семінарыйнай капліцы.
Паслугу лектара атрымаў Аляксандр Шыманскі, які паходзіць з парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску. Кандыдатамі да прыняцця пасвячэнняў былі ўстаноўлены Уладзіслаў Малышка (парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску) і Павел Седлярэвіч (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары).
Заданнем семінарыі з’яўляецца фарміраванне сталасці кандыдата і гатоўнасці прыняцця пасвячэнняў. Кожная семінарыя прызначана для таго, каб “тым, каго Пан Бог заклікае да апостальскага служэння, даць магчымасць выпрабаваць вопыт фарміравання, які Хрыстус даў дванаццаці” (PDV, 60).
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч