Да частай малітвы і глыбейшага ўсведамлення дзеяння Божай ласкі ў штодзённым жыцці заахвоціў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ў Папяльцовую сераду.
26 лютага, калі ў Каталіцкім Касцёле пачаўся час Вялікага посту, іерарх наведаў маладую парафіяльную супольнасць Святога Духа ў Гродне (Альшанка). У знак гатоўнасці навяртання вернікі прынялі ўдзел у абрадзе пасыпання галоваў попелам.
Звяртаючыся на парозе Вялікага посту да шматлікіх прысутных, біскуп падкрэсліў, што гэты перыяд павінен быць напоўнены ўзмоцненай працай над самім сабой.
Іерарх заклікаў вернікаў да часцейшай малітвы і духоўнага перажывання гэтага перыяду. “Вельмі важна, каб кожны з нас спазнаў прысутнасць Бога, – адзначыў ён. – Езус, які памірае за кожнага з нас, абяцае новае, лепшае жыццё. Перажываючы гэтае жыццё з малітвай ужо тут, на зямлі, мы становімся бліжэй да Бога і спазнаём лепшае жыццё”.
Звяртаючыся да маладых сужэнстваў, якія ўтвараюць гэтую парафію, біскуп заахвоціў іх перадаваць веру сваім дзецям, малодшаму пакаленню, як калісьці самі атрымалі веру ад бацькоў.
Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда падзякаваў біскупу за супольны з вернікамі пачатак шляху велікапоснага пакаяння і выказаў надзею, што гэты час прынясе плён благаслаўлення і ласкі ў жыцці кожнага.
JM