8 лютага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбыўся ў 9-ы раз фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”. Горад стаў цэнтрам праслаўлення, гасцінна прыняўшы больш за тысячу хрысціян з усёй Беларусі. Сярод іх была вялікая група моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі.
На сцэне гарадскога дома культуры ў адзіным духу праслаўлення выступілі групы The Crossway, “Новае пакаленне”, Rybyproject і “Слова жыцця” (Масква).
У фае будынка было арганізавана некалькі цікавых пазнавальных зонаў. У гасцей была магчымасць азнаёміцца з хрысціянскімі праектамі горада, такімі, як сустрэча для студэнтаў Restart, літдарскія курсы Piligrim, пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў. Фотазона не пакінула гасцей абыякавымі, кожны жадаючы мог захаваць момант на памяць. У зоне адпачынку была магчымасць прысесці і выпіць каву. Таксама падчас фэсту была закранута тэма важнасці Бібліі і арганізатары прапанавалі кожнаму жадаючаму ўзяць сабе гэты “бестселер” абсалютна бясплатна.
Гэта быў не проста канцэрт, але і заклік да канкрэтных дзеянняў. Уваход на фестыываль вольны, але арганізатары прапанавалі некалькі варыянтаў матэрыяльнай дапамогі. У гэтым годзе было прынята рашэнне аказаць падтрымку фестывалю “Вясёлка талентаў”, у якім удзельнічаюць дзеці з асаблівасцямі ў фізічным развіцці, але неверагодна шчырыя, адкрытыя і багатыя духоўна; дапамагчы сабраць сродкі для маленькай Сафіі, якой патрабуецца дарагое лячэнне. Хоць не ўсе могуць зрабіць матэрыяльнае ахвяраванне, але кожны змог ахвяраваць для яе сваю малітву аб аздараўленні. Хоць малітва была маўклівай, можна было адчуць прысутнасць Бога сярод удзельнікаў.
ДДН – гэта чатыры гадзіны малітвы, поўныя яркіх эмоцый, любові і велічы Бога.
Не проста канцэрт, але і міні-рэкалекцыі, бясцэнны досвед адзінства хрысціянаў, аб якім таксама маліліся падчас фестывалю.
Фестываль даў не проста моцны зарад энергіі, але і магчымасць адчуць няхай і зусім маленькую, але частку той неверагоднай атмасферы, якая існуе зараз каля Божага трону. І гэтае адчуванне, жывучы ва ўдзельніках, дае магчымасць змяняцца.
Завяршэннем фестывалю стала песня-малітва за горад Баранавічы, усіх жыхароў і дабрадзеяў гэтага мерапрыемства, за працвітанне горада і народа, за адзінства. Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў усіх сабраных і падзякаваў за прысутнасць і сумесную малітву.
Павел Слізевіч
Фота: Данііл Ліцкевіч